Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Берасце. Графiчная рэканструкцыя касцёла Яна Хрысціцеля і Св. Ганны кляштару бернардынцаў. выгляд на пачатак XIXст.
Паводле даследвання I.М. Слюньковай, першы драўляны кляштар бернардынцаў у Берасцi быў заснаваны ў 1605 бiскупам луцкiм, плоцкiм i кракаўскiм - Марцiнам Шышкоўскiм, а першымi фундатарамi касцёла бернардынцаў былi Ян Галемскі i Л. Сапега.
Першапачатковы драўляны кляштар хутка згарэў, а новыя ўжо адбудаваны з цэглы ў 1623. Ад 1624 побач паўстае драўляны кляштар бернардзынак, якi разам з кляштарам бернардынцаў складалi адзiны ансамбль культавых пабудоў i месцiлiся на паўднёва-усходнiм Валынскiм прадмесцi Берасця, у самым пачатку Луцкага гасцiнца, насупраць адзiн другога праз вулачку (памiж пазнейшымi мураванымi касцёламi па дыяганалi прыкладна 9м., а ранейшы драўляны касцёл бернардынак месцiўся крыху далей i арыентаваны быў алтарнай часткай на ўсход).
Згодна з даследваннямi Т. М. Габрусь, першым на тэрыторыi сучаснай Беларусi комплекс бернардынцаў заснаваны ў Гораднi ад 1494 каралём Аляксандрам Ягелончыкам. Наступны кляштар бернардзiнцаў з касцёлам Яна Хрысцiцеля i Св. Ганны паўстаў у Берасцi, змураваны пасля 1623 на месцы ранейшых драўляных пабудоў, паўстаўшых з 1605. Берасцейскi касцёл, як i касцёл бернардзiнцаў у Гораднi, уяўляў сабой трохнававую шасцiслуповую базiлiку з моцна выцягнутым прэзбiтэрыем, маючым паўкруглае завяршэнне, па шырынi роўнай цэнтральнай наве.
Да вялiкай вiмы прэзбiтэрыя, роўнай двум крокам апор базiлiкi, з паўночнага боку прылягаў працяглы кляштарны корпус, перасечаны папярочным аб'ёмам i каплiца Св. Дароты (частка старога касцёла, уключанага ў аб'ём новага), у якую быу уваход i з кляштара.
Уздоўж глухой сцяны паўночнай навы касцёла праходзiў светлы калiдор, аднак кляштарны комплекс не атрымаў замкнутай кампазiцыi (варта дадаць, што на мапе Берасця 1740 недастаючы для ўтварэння замкнутага контура корпус усё ж прысутнiчаў, прычым пазначаны мураваным).
Галоўны фасад меў трохярусную будову: верхняя частка - высокi трохвугольны франтон, на другiм ярусе тарцы дахаў над бакавымi навамi закрывалi масiўныя валюты з фiгурным абрысам.
У месцы блакавання касцёла з кляштарным корпусам месцiлася круглая вежачка з вiтымi ўcходамi, як у чарнаўчыцкiм касцёле. У гэтай берасцейскай бажнiцы прыкметы ранняга бакока ўжо вiдавочна пераважаюць над элементамi мясцовай готыкi ў параўнаннi з помнiкамi "нясвiжскага" барока.
Пасля касацыi берасцейскiх кляштараў у 1831, у сувязi з пабудовай на месцы сярэднявечнага горада Берасцейскай фартэцыi, кляштары бернардынцаў перабудоўваюцца ў 1836-1840 на вайсковы шпiталь, разлiчаны на 600 чалавек, але з-за прынятага пазней рашэньня размесціць шпіталь ў катенборгскiх, дадаткова пабудаваных для гэтых мэтаў драўляных будынках, пабудовы прыстасаваны на кадэцкi корпус.
Александраўскi кадэцкi корпус адчынены 30 жнiўня 1842, але ўжо ўлетку 1854 пасля ўсталяваньня ў фартэцыi ваеннага становiшча (Крымская вайна), кадэты пераводзяцца ў Маскву, а будынкi былых бернардынскiх кляштараў прыстасоўваюцца пад ваенны шпіталь.
Пабудовы на сучасным Шпiтальным востраве (былыя бернардынскiя касцёлы) моцна пацярпелi ад пажару 1915 пасля падпалу адступаючымi часткамi расейскай армii (выгарэлi ўшчэнт). Адзiн з нешматлiкiх выпадкаў, калi яны былi разабраны... ў часы II Рэчы Паспалiтай (!) у другой палове 1930-х. Варта дадаць, што разабраны менавiта з-за наступстваў таго пажару i страты нясучай здольнасцi канструкцый сценаў.
Дакладна невядома цi былi далейшыя планы па iх адбудове, перарваныя падзеямi ў 1939. Ацалелыя часткi карпусоў i будынкi ў 1921-1939 былi адрамантаваны i адноўлены, з 1939 па 1941 былi зноўку пераабсталяваны пад патрэбы ваеннага шпіталя.
Падчас Другой сусветнай вайны былыя пабудовы бернардынцаў зноўку моцна пацярпелi i пасля вайны напрыканцы 1940-х захаваўшыеся шпітальныя пабудовы, у тым ліку рэшткі мужчынскага бернардынскага кляштара былі разабраны на цэглу мясцовымі жыхарамі. У 1993 тут былi праведзены археалагічныя даследаванні археолагамі В. Собалем і А. Ліпніцкай.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...