Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Асташын (Карэлiцкi раён). Графiчная рэканструкцыя былога кальвiнскага збору.
Упершыню ў дакументах Асташын узгадваецца ў 1428 г. як уладанне вялікага князя літоўскага Вітаўта, якое ён перадаў сваёй жонцы Ульяне. У 1507 узгадваецца ў «Хроніцы Быхаўца» ў сувязі з татарскім нападам. Пасьлядоўна належаў Астрожскім, Чартарыйскім, Бакам, Саламярэцкім, Швыкоўскім.
У 17 ст. Швыкоўскімі пабудаваны мураваны кальвінскі збор. Храм уяўяляў сабой мураванае 1-нефавае збудаванне, якое ў плане мела форму выцягнутага прамавугольніка, завершанага трохгранёнай усходняй сцяной, а не апсідай. Сцены (да 2 метраў таўшчыні) былі прарэзаны 7 вокнамі.
У XIX — пачатку XX ст. Асташын — вёска і два маёнткі ў Цырынскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні, радзіма Яна Булгака, знакамiтага майстра мастацкай фатаграфіі, этнографа, мемуарыста.
Ян Булгак у кнiзе успамiнаў так апiсвае родныя мясцiны:
"Побач з нашым Асташынам, паўсюдна званым "мураваным", на адлегласцi чвэрць вярсты на поўнач знаходзiўся другi Асташын, таксама мураваны, якi належыў сям'i кальвiнiстаў графаў Грабоўскiх... Як чулi з падання, Асташын Грабоўскiх некалi быў галоўным, а наш быў пабудаваны пазней.
Побач з гэтым дваром на другiм баку дарогi на ўзгорку стаяў невялiкi, але вельмi прыгожы, а таксама старажытны касцёл, уласна кажучы, кальвiнскi збор, у сутарэннях якога знаходзiўся забальзамаваны фундатар Швыкоўскi. Збор быў мураваны, крыты чырвонай дахоўкай, абапiраўся, як i дом, на масiўныя каменныя падпоры i таксама меў паважны i абарончы выгляд.
Стоячы на пагорку, ён свяцiўся сваiмi белымi сценамi i быў вiдаць на некалькi мiляў наўкола. Калi я вяртаўся дадому, гэта светлая пляма вiтала мяне ўжо здалёк, як усмешка знаёмага твару, ..., належыў ужо не столькi людзям, колькi навакольнаму пейзажу. А трэба прызнаць, што ён меў першараднае значэнне для пейзажу з-за свайго гмаху i колеру: едучы ажно з Райцы, быў вiдаць яго прысадзiсты сiлуэт, вясёлы i светлы, якi вянчаў асташынскiя пагоркi..." [ Ян Булгак, "Край дзіцячых гадоў", Мн.: Беларусь, 2004. стар. 21-23 ]
Асташынскi кальвiнскi збор не збярогся i ў свой час мала даследваны. У часы першай сусветнай вайны праз вёску праходзiла лiнiя фронту, панскія двары i амаль усё пабудовы былi поўнасцю знішчаны. Храм быў моцна пашкоджаны. Канчаткова разбураны мясцовымі ўладамі ў 1950-я г.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...