Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Ашмяны. Графiчная рэканструкцыя былога францысканскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Выгляд на перыяд першай паловы XIX ст.
Першыя згадкі аб Ашмянах адносяцца да 1341. Расказваючы пра сьмерць Гедыміна і падзел пасадаў паміж яго сынамі, сярод гарадоў, што разам з Вільняй дасталіся Яўнуту, "Хроніка літоўская і жамойцкая" называе Ашмяны. Па некаторых даследваньнях Ашмяны ўжо існавалі ў 1040 годзе — пад час паходу Яраслава Мудрага на Літву.
У 1398 упершыню згаданы касцёл у Ашмянах, закладзены пад час Хрышчэнья Літвы. Каля 1497 у Ашмянах з'явіўся кляштар францысканцаў — Юры Яновіч запісвае фундуш "да Блаславёнай Панны ў Старой Ашмяне да канвента братоў ордэну святога Францыска".
З пачатку XIV ст. Ашмяны, "будучы месцапрабываньнем княжацкім", пачалi разбудоўвацца на новым месцы (левабярэжжа Ашмянкі), а першапачатковае паселішча з назвай Старыя Ашмяны (правабярэжжа) была перадана манахам-францысканцам, дзякуючы якiм, гэты раён набыў назву "Францiшканы".
Першапачаткова касцёл i кляштарныя пабудовы былi драўлянымi. Драўляныя будынкі кляштару былi спалены маскавiтамi летам 1659 падчас Крывавага патопа 1654-1667. У час падзей Паўночнай вайны 1700-1720 са шведамi у Ашмяны былi заняты шведскім войскам, а кляштар зноўку быў зруйнаваны.
У 1805 годзе касцёл быў адбудаваны манахамі-францысканцамi і ўяўляў сабой ўжо каменна-драўлянае збудаванне. Згодна з даследваньнямi А. Кушнярэвіча i А. Брыля, ніжняя частка ўсходняй паловы асноўнага аб'ёму была ўзведзена задоўга да пачатку XIX ст. з вялікапамернай цэглы некалькіх фарматаў у гатычнай тэхніцы муроўкі з трохграннай падрэзкай швоў, што маюць таўшчыню 2-3см. Таксама генетычную сувязь з готыкай дэманструюць сляды контрфорсаў, трохгранная алтарная сцяна і вузкае выцягнутае ў вышыню вакно паўцыркульнай формы цэнтральнай грані апсіды.
Ужытая пры ўзвядзенні касцёла цэгла і характар выканання гатычнай тэхнікі муроўкі дазваляюць ніжнюю частку ўсходняй паловы храма датаваць канцом XV ст.
За часам расейска-французскай вайны 1812-1814 Ашмяны былi часткова спалены французскімі войскамі, касцёл быў часткова разбураны, у 1822 адбудаваны у стылі класіцызму. Да паўночнага бакавога фасада быў, верагодней за усё, прыбудаваны манастырскі корпус (таму тут і не было вокнаў). Перакрывалі святыню цыліндрычныя скляпенні, над уваходам знаходзіліся хоры на 2-х апорах. Касцёл быў бязвежавы, і толькі ў алтарнай частцы ўзвышалася невялікая вежачка (сигнатурка). Злева перад касцёлам была ўзведзена каменная званіца.
Па здушэньні Паўстаньня 1830 кляштар быў зліквідаваны (1845). Неўзабаве кляштарныя будынкі знішчылі, а касьцёл перарабілі пад склад. У 1920-я ўлады міжваеннай Другой Рэчы Паспалiтай вярнулі касьцёл каталікам, якія аднавілі помнік. Па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады адабралі будынак у парафіянаў.
У наш час былы касцёл знаходзіцца ў занядбаным стане, захаваліся толькі парэшткi храма, кляштарныя пабудовы ж былi цалкам разбураны. Нягледзячы на багатую гісторыю і адметную архітэктуру, касцёл францысканцаў у Ашмянах сёння нават не з'яўляецца помнікам архітэктуры. На вяршынi халма, дзе месцiцца былая святыня, ўсталяваны драўляныя крыжы — гэтае месца называюць "кальварыей", цi "Ашмянскай Галгофай".
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...