Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Лапенiца Вялiкая (пасля 194 вёска Грыневiчы, Свiслацкага раёна). Гiпатэтычная графiчная рэканструкцыя былога касцёла Iаана Хрысцiцеля пры кляштары францысканцаў.
Вёска Лапеніца вядомаз XVI ст., калі яна з'яўлялася цэнтрам значных зямельных уладаньняў роду Клачко. У розныя часы Лапенiца належала Агінскім, Булгарыным, Юзэфовічам. Дарэчы пры Агiнcкiх iснавала ўжо дзве Лапенiцы — Малая Лапенiца, дзе жылi сяляне i Вялiкая Лапенiца, дзе месцiлася сядзiба Агiнскiх.
Адным з найбольш вядомых уладальнікаў Лапенiцы быў сын Самуiла Льва Агiнскага — Ян (Яцэк) Агінскі, харунжы Ваўкавыскага павета, дэпутат ад павета на Віленскі Трыбунал, маршалак Ваўкавыскі , подваявода Віленскі і адначасова стараста Крычаўскі. Ваяваў са шведамі. Стаў ваяводам Полацкім і адначасова гетманам польным ВКЛ. У гонар перамогі над туркамі пад Венай у 1683 і ў падзяку за шчаслівае вяртаньне дадому ен ахвяраваў 10 тысяч злотых на будаўніцтва ў Вялікай Лапенице каменнага касцёла і кляштара францысканцаў.
Будаўніцтва мураванага касцёла ў 1690 распачаў сын Яна, Рыгор (Грыгорый) Агінскі.
Але Рыгор атрымаў у спадчыну ад бацькі не толькі маёнтак, але і ваяўнічы характар — служыў ротмістрам у арміі ВКЛ, у Паўночную вайну камандаваў трыма расейскімі палкамі і атрымаў за бітву пад Палтавай тытул Вялікага Гетмана. Быў адным з стваральнікаў канфедэрацыі супраць Сапегаў пад час Грамадзянскай вайны 1696-1702.
Ваяўнічыя выправы і эканамічныя цяжкасці не спрыялі хуткаму будаўніцтву — яно расцягнулася на доўгія 102 гады (1690- 1792).
Пасьля Паўстаньня 1830 кляштар францысканцаў быў скасаваны (1835) і маёмасць перададзена ў духоўнае ведамства яго імператарскай вялікасці. Пасьля Паўстаньня 1863 былы касцёл быў перабудаваны ў царкву МП РПЦ (1870). Замест аутэнтычных купалоў былі ўсталяваны праваслаўныя цыбуліны і шчыт над франтальным фасадам.
За польскім часам у 1920 храм зноўку стаў каталіцкім, а пасля далучэньня Заходняй Беларусi — ізноў перададзены РПЦ.
У 1965 храм зачынiлi "за аварыйным станам і дзеля бяспекі вернікаў". Будынак з часам прыйшоў у заняпад, у пустуючым будынку паступова руйнаваўся дах i да 1980-х сапраўды абвалiлiся скляпеннi.
У 1989 праваслаўныя вернікі бліжэйшых да храма вёсак вырашылі яго адбудаваць і нават сабралі 20 тысяч рублёў. Але па розных прычынах добрая справа не ажыцьцявілася.
Лапеніцкі кляштар знакавы для беларусаў у тым сэнсе, што ў 1919 тут пэўны час жылі і служылі беларускія ксяндзы, палітычныя дзеячы і літаратары Вінцук Адважны (Язэп Германовіч) і яго сябра Казімір Сваяк (Казімір Стаповіч). Тут яны прамаўлялі свае казаньні на беларускай мове, за што спаланізаванае касцёльнае кіраўніцтва аказвала на іх уціск.
З дзённіка Казіміра Сваяка: "27.VII.1919. Лапеніца. Прамаўляў тут па-беларуску. Неспадзявана добрай душой была выслухана прамова, хоць колькі асоб з мясцовай шляхты спачатку ўсміхнуліся, што "папросту" аб Богу стаў вучыць. Людцы прывыклі клясці толькі долю сваю і грашыць па-беларуску, вось дзіўным здалося, што можна і хваліць Бога гэтай мовай, якая годная ўзгарды ў вачах паноў усіх гатункаў і падпанкаў. Заінтарэсаваньне збудзілася, аднак, немалое - асабліва (як паказалася пасля) паміж праваслаўных. Гэтых апошніх можна было б такім парадкам пацягнуць да касцёла і яго навукі, бо польшчызны яны не церпяць".
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...