Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Новаспаск (Смаргонскі раён Гарадзеншчыны), былы маёнтак Суцькаў (Суцькава). Графiчная рэканструкцыя прыхадской Прэабражэнскай царквы (былой унiяцкай царквы кляштару базылiянаў). Выгляд на пачатак XX ст.
Згодна даследваннямi Чэслава Янкоўскага, маёнтак Суцькаў у першай палове XVIII ст. належыў Казiмеру Акушку. Затым яго разам з вёскамi Суцькава, Царыкi, Бурчакi, Кунава набылi мастаўнiчы Ашмянскага павету Уладзiслаў Маркоўскi з жонкай Канстанцыяй з Кназевiчаў. Яны даравалi ў 1731 Суцькаў ордэну Св. Базыля.
З гэтага перыяду i пачынаецца будаўнiцтва тут царквы i кляштарных пабудоў. Так Суцькаўскi манастыр, разам з яшчэ чатырма манастырамi базылiянаў Вiленшчыны, узгадваецца як iснуючы ўжо па III падзеле Рэчы Паспалiтай ў 1795. Калi пачалося будаўнiцтва мураванага храма - дакладна невядома, узгадваецца, што гэтае будаўнiцтва (з фундацыi Маркоўскiх) з перапынкамi расцягнулася на 3 дзесяцiгоддзі.
Бажнiца ў выглядзе выцягнутага крыжа з двума алтарамi, двухпавярховымi закрыстыямi i драўляным купалам. Дах гонтавы. Крыж на купале драўляны, абабiты бляхай. Мелася званiца ў браме кляштарнай агароджы на двух слупах вышынёй у аршын. На званiцы два звана - адзiн у 21 пуд., другi - 5 пудоў. Падмуркi скляпенняў цагляныя на глыбiню трох метраў.
Пасьля скасаваньня Берасьцейскай Уніі (1839) адбылося прыстасаванне базылiянскай святынi пад праваслаўную царкву, якоя не абыйшлося без перабудовы (1858-63).
З 1868 пры царкве iснавала багадзельня, а з 1877. працавала царкоўна-прыхадская школа. Апошнiя набажэнствы ў гэтых сценах прагучалi у 1915, калi напрыканцы верасня сюды падыйшла лiнiя фронту Першай Сусветнай вайны.
У самой царкве месцiўся назiральны пункт царскай армii, у сутарэннях знаходзiўся лазарэт. Храм меў ваенна-стратэгiчнае значэнне, таму любыя баявыя дзеяннi пачыналiся з яго абстрэлу.
Ужо ў мiжваенны час у складзе II Рэчы Паспалiтай аднаўленне храму адклалi да лепшых часоў, а побач у 1930 паўстаў новы драўляны праваслаўны храм у гонар Узвіжання крыжа Гасподняга.
Але лепшыя часы не насталi. Перажыўшы вайну драўляная царква была разабрана ў сакавiку 1968. Частка будматэрыяла пайшла на будаунiцтва школы, частка была разрабавана мясцовымi.
Напрыканцы 1990-х гг. было прынята рашэнне аб будаўнiцтве побач новага драўлянага праваслаўнага храма, а вось паступова руйнуемыя часам мураваныя парэшткi былой базылiянская святынi з захаванымi слядамi ад куль i дзіркамi ад снарадаў так i стаяць нямымi сведкамi тых трагiчных падзей абедзьвух сусветных войнаў
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...