Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Наваградак. Гіпатэтычная (!) графiчная рэканструкцыя былой замкавай царквы (Царква Успення Божай Маці). Выгляд на перыяд пазнейшай перабудовы сярэдзiны XVIІI ст.
Царква была пабудавана на тэрыторыі Наваградскага замка ў першай палове XIV ст. пры Гедымiне цi яго сыне Карыяце, якому ў сярэдзіне XIV ст. належала Наваградскае ўдзельнае княства. Царква цікавая перш за ўсё тым, што яна была сведкаю векапомных гістарычных падзеяў. Менавіта ў гэтай царкве па загадзе вялікага князя Вітаўта сабраўся ў 1415 годзе сабор праваслаўных епіскапаў, на якім быў абраны мітрапалітам Кіеўскім Рыгор Цамблак. Масква і Канстанцінопаль такое рашэнне прызналі незаконным. У выніку ў 1420г. мітраполія Вялікага княства Літоўскага перайшла пад кіраўніцтва мітрапаліта Фоція, які двойчы наведаў Наваградак у 1421 і 1430-м гадах.
Пасля утварэння ў 1448г. аўтакефальннай Рускай Праваслаўнай Царквы, праваслаўныя епархіі Вялікага княства Літоўскага праз некаторы час сталі аўтаномнай мітраполіяй Канстанцінопальскага патрыярхата. Наваградак працягваў заставацца кафедрай праваслаўнага мітрапаліта. На 30-я гады ХVІ ст. тут было ужо 10 цэркваў. З XVI ст. у царкве (якая напачатку была праваслаўнай, a пазней уніяцкай) захоўваўся цудоўны абраз Маці Божай Наваградcкай — вядомы многімі цудамі, у тым ліку, па словах Адама Міцкевіча, і яго цудоўным выздараўленнем.
З 1581г. па сярэдзiну XVIІI ст. тут адбываліся паседжанні Літоўскага трыбуналу.
У сярэдзiне XVІІI ст. царкву перабудавалі ў стылі позняга барока. Пазней яна пацярпела ад пажару. Яе велiчны сілуэт замаляваны ў 1846г. К. Русецкім.
У 1870-я гады помнік разабралі на цэглу. Сёння на Замкавай гары захаваліся толькі яе фундаменты на глыбіні звыш 1 метра, таму што напрыканцы ХІХ ст. на тэрыторыю замчышча пачалі звозіць смецце з усяго горада, якое пакрыла амаль двухметровым пластом парэшткi замкавых пабудоў.
Які выгляд мела Замкавая царква можна меркаваць па матэрыялах яе археалагічных даследаванняў, праведзеных у 1973-1974гг. ленінградскімі археолагамі. Як высветлілася ў выніку раскопак, збудаваная ў XVI стагоддзі царква паўстала на месцы старажытнага храма. Збудаваная ў першай палове XIV стагоддзя цэркаўка мела ў плане форму крыжа памерамі 12,2х13 м з адной апсідай і невялічкім, на захад скіраваным бабінцам.
У другой палове XIV стагоддзя бажніца перабудоўвалася. Скляпенні ейныя былі ўмацаваныя чатырма слупамі; з паўночна-уcходняга боку быў прыбудаваны алтар, a падлога была выкладзена цэглай. Магчыма, што бакавыя нефы і апсіда царквы мелі рабрыстыя скляпенні. У сярэдзiне XVIІ ст. царква пашыралася у заходнiм накiрунку, а у канцы XVIІ - пачатку XVIIІ ст. - прыбудовы ў пауднёва-ўсходняй частцы. (гл. схематычны план розначасовых культавых пабудоў на наваградскiм дзядзiнцы паводле М. Малеўскай).
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...