Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Iвянец (Валожынскi раён). Графiчная рэканструкцыя фарнага касцёла св. Тройцы. Выглад па апошняй перабудове станам на сярэдзiну XIXст.
Упершыню Івянец узгадваецца ў другой палове XIV ст., калі ён знаходзіўся ў валоданні вялікага князя літоўскага Вітаўта. У опiсу парафii Св.Тройцы (засн. з 1386) з падляшскага Драгiчына ёсць сцверджаньне пра тое, што "дня 23.11.1492, Вялiкi Князь Лiтоўскi Аляксандр Ягелончык перадаў драгiчынскаму святару Яну з Iвянца шэсць бочак мёду са сваёй данiны"., што ускосна сведчыць пра iснаванне тут каталiцкага прыхода.
У другой палове XV ст. Iвянец - уладанне Давойна-Салагубаў. Пад 1522 годам узгадваецца як мястэчка Менскага павета. У сяр. XVI ст. тут з'явілася пратэстанцкая супольнасць, дзейнічалі кальвінскі збор, школа і шпіталь.
Мураваны парафiяльны (фарны) касцёл пабудаваны з фундацыi Яна Давойны i падцверджаньня Жыгiмонта III Вазы у 1606.
Інвентар ад 1740 паведамляе (А. Ярашэвiч "Iвянецкiя касцёлы"), што разьбяны палiхромны алтар з пазалотай, абразамi Тройцы, Мацi Божай, апостала Пятра i скульптурамi св.Станiслава, св. Казiмiра, св. Пятра i св. Роха быў выкананы коштам Пратасовiча i кансекраваны ў 1736.
Захавалiся таксама два больш раннiя разьбяныя алтары з калонамi ў пазалочаныя i пасярэбраныя кветкi. У адным з iх знаходзiўся абраз Панны марыi. Яшчэ два алтары былi прысвечаны Мiхалу Арханёлу i Антонiю падуанскаму. Асобны алтар з фiгурай Мацi Божай у атачэннi шасцi анёлаў, фундаваны Антонам Арэшкам, стаяў у мураванай каплiцы-ратондзе.
З 1662 пры касцёле iснавала Ружанцовае брацтва са сваiм брацкiм алтаром. Праз некаторы час касцёл пацярпеў ад пажару i зноў быў рэстаўраваны ўжо сынам берасцейскага ваяводы (генералам артылерыi Вялiкага Княства Лiтоўскага) Антонам Салагубам, яго жонкай Барбарай (з Радзiвiлаў). Хутчэй за ўсё, менавiта ў гэты час касцёл набыў барокавы дзьвухвежавы фасад "добрай работы", падобны на фасад iвянецкага францiшканскага касцёла (пабудаванага непадалёк пасля 1740).
У адной з вежаў жонка генерала Брыгiта Салагубава паставiла вялiкi гадзiннiк з меладычным боем праз чвэрць гадзiны. Касцёл i закрыстыi былi накрыты дахоўкай, вежы i гзымсы на фасадзе - бляхай, у дзесяць вокан усталявалi налiбоцкае шкло.
Інвэнтар ад 1767 паведамляў, што на хорах касцёла, таксама дэкараваных ляпнiнай з гербамi фундатараў, стаяў вялiкi арган, якi абыйшоўся Брыгiце Салагубавай у 350 талераў. На хорах знаходзiлiся таксама два катлы-барабаны i трубы, якiмi карысталiся пры розных урачыстасцях (пра iх патурбаваўся Канстанцiн Рдултоўскi).
У закрыстыi захоўваўся архiў Салагубаў, але з-за вiльгацi быў перанесены ў кляштар. Вялiкi касцёльны цвiнтар быў абнесены мураванаю сцяною з вялiкай брамай з боку мястэчка. Адзначым, што ў той час далёка не кожны парафiяльны касцёл меў такую агароджу.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Івянец апынуўся ў складзе Расейскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Менскага павета. Неўзабаве пасля Паўстання 1863 кляштар францысканаў быў скасаваны, а iвянецкiя касцёлы зачынены (1868), парафiя пры гэтым была перапiсана да Каменя.
Толькi амаль праз паўстагоддзя царскi урад дазволiў адчынiць каплiцу на могiлках, дзе пазней (1905-1907) быў пабудаваны касцёл св. Антонiя. А былыя iвянецкiя касцёлы былi пераабсталяваны праз некаторы час пад праваслаўныя цэрквы.
У 1880-1885 былы фарны касцёл св.Тройцы стаў Царквой св. Тройцы, але праз тры гады (1888) згарэў дашчэнту (падобны ж пажар у Нясвiжы былога бернардзiнскага касцёла наводзiць на думку аб наўмысных падпалах).
Але варта ўзгадаць, што яшчэ раней стан будынка быў такi, што касцёльныя рэчы пераносiлi ў суседнi па-францысканскi касцёл св. Мiхала Арханёла. Сцены былой бажнiцы прастаялi да пачатку XX ст., i выявы аднаго з нешматлiкiх твораў беларускай готыкi захавалiся на нешматлiкiх фота таго перыяду.
Пазней парэшткi былi разабраны на будматэрыялы, каб збудаваць на гэтым месцы драўляную царкву-мураўёўку, лёс якой склаўся трагiчна, але ўжо ў пасляваенны савецкi час. Свята месца пуста не бывае - i ў 1998 на гэтым месцы паўстала царква ў гонар св. Ефрасіннi Полацкай ў рэтраспектыўна-рускiм стылi.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...