Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Менск. Касцёл Святога Тамаша Аквінскага дамініканскага кляштару. Графiчная рэканструкцыя на перыяд пачатку XIX стагоддзя.
Касцёл (паводле даследваньняў Т.В.Габрусь) стаў першай мураванай святыняй дамініканцаў на тэрыторыi сучаснай Беларусі. Манахі сюды прыбылі ў 1600 з Вільні, дзе мясціліся пры касцёле Св. Духа. Яны прынеслі з сабой новы стыль — барока, — які толькі што нарадзіўся.
Першая фундацыя кляштара дамініканцаў у Мінску звязана з імем жонкі ваяводы вяндэнскага (Латвія) Крыштофа Слушкі — Зоф'і, што была з роду менскіх стараст і ваявод Завішаў. Гісторыя будаўніцтва касцёла насычана шматлікімі датамі і дадзенымі, якія з цяжкасцю складаюцца ў паслядоўную схему.
Яна пачынаецца з 1605 , калі менская шляхта ў гонар перамогі над маскоўскім войскам сабрала ахвяраваньні, якія атрымалі назву "капытковы збор" і пайшлі на адбудову рэзідэнцыі дамініканцаў. Вядома, што пазней у інтэр'еры касцёла знаходзілася восем гербавых картушаў ініцыятараў збору.
Але ў 1615 гэтыя будынкі, верагодна, драўляныя, знішчыў пажар. Да названага часу належыць фундацыя, ажыцьцяўлёная стольнікам Вялікага Княства Літоўскага і старастам рэчыцкім Пятром Тышкевічам. Апошні фундуш датуецца 1640, з чаго вынікае, што яно завершана ў асноўным у 1-й палове ХVІI ст.
Узвядзеньне кляштарных муроў скончылася толькі ў 1703. Апошняя перабудова касцёла адбылася напрыканцы XVIII ст. Існуе кантракт 1781 г. паміж пробашчам кляштара, мінскім бурмістрам і старшынёй цэха муляраў Андрэем Макарэвічам на выкананьне будаўнічых работ.
Інтэр'ер святыні вызначаўся пышнасцю і багаццем дэкаратыўнага аздаблення, быў размаляваны фрэскамі, уключаў 13 стукавых і драўляных разьбяных алатароў, цудоўны арган, які мясціўся на музычных хорах над уваходам.
Менскі кляштар дамініканцаў быў зачынены пасля Паўстаньня 1830, як амаль усе дамініканскія кляштары. У 1845 ён быў перададзены каталіцкай семінарыі, але пасля Паўстаньня 1863 выкарыстоўваўся пад вайсковыя казармы.
Цягам XIX ст. былы касцёл страціў свае бакавыя вежы, а ў пач. XX ст. выкарыстоўваўся мінскім пажарным дэпо. Каля 1907 года верх франтона касцёла разабралі, а на яго месцы з'явілася пажарная вышка.
У 1926 г. комплекс касцёла і кляштара дамініканцаў узялі пад ахову дзяржавы.
Пасьля Другой Сусветнай вайны СССР нават атрымал ад Германіі кантрыбуцыю на аднаўленне будынкаў, і ў канцы 1940-х выканалі першасную кансервацыю касцёла.
Аднак у 1950 кіраўніцтва БССР канчаткова зацвердзіла новы генеральны план Цэнтральнай плошчы, паводле якога пасярод яе ўзводзіўся манумент Сталіну, а на месцы колішняга кляштара разбіваўся сквер.
У 1950 годе выбітны помнік архітэктуры быў узарваны, а яго камені выкарысталі для падмуркаў новых будынкаў Менска.
У 1985 на Кастрычніцкай плошчы пачалі будаваць Палац Рэспублікі, а ў 1986 годзе археолагі адкапалі падмуркі былога дамініканскага касцёла, якiя месцамі дасягалі 3-метровай таўшчыні. На фасадах былi выяўлены байніцы ніжняга бою, прыстасаваныя для страляніны з мушкетаў. Падмуркi касцёла былi закансерваваны да лепшых часоу, а падмуркi кляштара, нажаль, знiклi пад будынкам Палаца.
У 2011 Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры падрыхтавала зварот да ўладаў Мінска з абгрунтаваннем прапановы аднаўленьня помніка.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...