Arch-спадчына

Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны

Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com

Край:   Берасьцейскі   Віцебскі   Гарадзенскі   Гомельскі   Магілёўскі   Менскі   Па-за межамі РБ

Касцёл Св. Яўхiмii кляштару бенедыктынак
Нясвиж, Менскі край

Гісторыя і рэканструкцыя

Нясвiж. Графiчная рэканструкцыя касцёла Св. Яўхiмii кляштару бенедыктынак. Выгляд пасля рэканструкцыi першай паловы XVIIIст.

Кляштар бэнедыктынак - помнік архітэктуры XVI-XVIII ст. (Аб'ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі), на паўднёва-ўсходняй ускраіне тагачаснага Нясвiжа, меў абарончае значэньне ў структуры сiстэмы умацаванняў горада (У візітацыі з аддзела рукапісаў Навуковай бібліятэкі Віленскага універсітэта, адзначана: "Кляштар на ўзгорку, з вежай пры ўваходзе з паўночнага боку, а з іншых бакоў валамі і равамі абкружаны", абнесены магутнай мураванай сцяной).

Кляштар заснаваны напрыканцы XVI ст. з фундацыі братоў Радзiвiлаў - Мікалая Крыштофа "Сіроткі" разам з жонкай Эльжбетай Яўхіміяй (з Вішнявецкіх) і кардынала Юрыя Радзівіла. Матывацыяй чарговага этапа будаўнічай дзейнасці Сіроткі было яго жаданне "асадзіць" у Нясвіжы законніцаў ордэна бенедыкцінак з мэтай выхаваць і адукаваць паненак шляхецкага паходжання каталіцкага веравызнання і, у першую чаргу, прадстаўніцаў жаночай паловы роду Радзівілаў (Т. М. Габрусь ("Мураваныя харалы. Сакральная архiтэктура беларускага барока". Мн.: Ураджай, 2001, старонкi 73-76).

Для прыцягнення ў Нясвіж місіі бенедыктынак з іх галоўнай рэзідэнцыі ў Хэлмне князь даў ім надзвычай багаты фундуш, каб стварыць трывалую эканамічную базу (уключаючы фальварак Гавезна з 170 валокамі зямлі).Да патрабаванняў бенедыктынак Радзівіл Сіротка ставіўся надзвычай чула і ўважліва. Ён прапанаваў, каб "самі панны, калі Бог паможа, па парадзе тых, хто разумее", выбралі "месца пад кляштар, а затым ужо, у адпаведнасці з месцам, і форма будынка кляштара імі вызначыцца". Пад будаўніцтва кляштара адвялі 11 моргаў гарадской тэрыторыі, якую кіраўніца ордэна ў Рэчы Паспалітай Магдалена Мартэнская ў лістападзе 1590 г. вызначыла сама. Яна, разам з князем і яго архітэктарам (Д.-М.Бернардоні), абумовіла планіровачныя асаблівасці будучага збудавання, якое павінна было спалучаць і кляштарныя, і свецкія адукацыйна-выхаваўчыя функцыі.

Ужо існаваўшыя на той час рэзідэнцыі бенедыкцінак у Польшчы - у Хэлмне (1578), Торуні (1579), Жарновіцах (1589) - мелі, на погляд М.Мартэнскай, "стыль старасвецкі", таму ў Нясвіжы, дзе ўсё стваралася ад пачатку, была распрацавана прынцыпова новая канцэпцыя кляштарнага комплексу, якая апярэджвала свой час. Па падліках "муратараў і геометраў некаторых свядомых", як адзначаў сам князь, склалі папярэдні рахунак будаўніцтва, на якое на працягу 5 гадоў, з 1590 да 1595, Сіротка выдаткаваў 7000 польскіх злотых. Праз 7 гадоў ён дадаткова вылучыў яшчэ 2000 злотых на ўтрыманне будынкаў.

Спачатку 10 манашак-бенедыкцінак, што прыбылі ў Нясвіж у верасні 1591, жылі ў прыстасаваных драўляных будынках. Фундаменты мураванага кляштарнага комплексу былі закладзены ў маі 1593, а ўжо праз 3 гады, у кастрычніку 1596, бенедыкцінкі размясціліся ў новым збудаванні, якое адпавядала іх патрэбам і правілам ордэна.

Касцёл і двухпавярховы кляштар узводзіліся адначасова і стварылі цэласны архітэктурны ансамбль з Е-падобнай кампазіцыяй плана. Як падкрэсліваецца ў візітацыі комплексу за 1848 г., "залы кляштарныя з касцёлам мурам звязаны". Касцёл, асвечаны ў гонар св. Яўхіміі 12 чэрвеня 1597 г. жмудскім біскупам Мельхіёрам Гедройцам, мае аднанававы аб'ём з неглыбокім трансептам, які ўтварае ў плане святыні лацінскі крыж, але гэтая структура схавана ў аб'ёме кляштара. Звонку сяродкрыжжа першапачаткова было падкрэслена невялікай вежачкай з купалком. З усходу ад сценаў кляштара выступае гранёная апсіда прэзбітэрыя - прыкмета гатычнай спадчыны.

Як бачна на гравюры Нясвіжа 1600 г. Тамаша Макоўскага і яго ж ілюстрацыі да "Панегірыка братоў Скарульскіх" князю М.-К.Радзівілу Сіротцы 1604 г., касцёл на той час нязначна выступаў з захаду за чырвоную лінію кляштара і меў бязвежавы фасад, завершаны трохвугольным франтонам. Па баках фасад фланкавалі невялікія круглыя вежачкі з вітымі ўсходамі. Да касцёла з поўначы і поўдня прылягаюць Г-падобныя крылы кляштара, якія ствараюць амаль сіметрычны франтальны фасад усяго комплексу, што надае яму параднасць і строгую ўрачыстасць.

Але на самай справе крылы комплексу зусім не аднолькавыя і не сіметрычныя, што абумоўлена іх розным функцыянальным прызначэннем. Паўднёвае крыло, дзе жылі манашкі, большае па аб'ёме, мае калідорную сістэму планіроўкі і разнастайную структуру памяшканняў. Тут на першым паверсе знаходзіліся асобны ўваход у кляштар, капліца для манашак, гасцінныя "ізбы", сталовая і кухня, "месцы сакрэтныя", а на другім паверсе - келлі манашак і настаяцельніцы, бібліятэка, капітула і навіцыят.

Меншае па памерах паўночнае крыло комплексу, прызначанае для паненак свецкіх, што выхоўваліся пры кляштары, мела асобны ўваход з тарца будынка, калідорна-галерэйную сістэму планіроўкі з часткова аднабаковым размяшчэннем жылых і вучэбных памяшканняў. Відавочна, што рознасць функцый паміж крыламі комплексу і іх ізаляванасць паміж сабою прадугледжваліся ад пачатку. Трапіць з аднаго крыла ў другое можна было праз сутарэнні пад касцёлам, але падземны ход знаходзіўся пад кантролем. Менавіта патрэба ў функцыянальнай ізаляванасці паміж свецкай і манастырскай часткамі і спарадзіла, на наш погляд, адкрытасць, незамкнёнасць планіровачнай кампазіцыі комплексу, што на той час лічылася першаадкрыццём.

Пазней кляштарны комплекс бенедыктынак зазнаў шмат перабудоваў і рамонтаў. У першай палове ХVІІІ ст. (да 1733 г.) цалкам перабудаваны галоўны фасад касцёла: разабраны круглыя вежачкі з вітымі ўсходамі, нава прасторава падоўжана на захад, за чырвонай лініяй кляштара ўтвораны квадратны ў плане аб'ём з магутнымі сценамі, які ўвянчала шмат'ярусная вежа, падобная да вежы нясвіжскага замка. Гэтае падабенства дазваляе лічыць, што азначаныя перабудовы выкананы пад кіраўніцтвам Казіміра Антонія Ждановіча, прыдворнага архітэктара князя М.-К.Радзівіла Рыбанькі, які ўзнаўляў княскую рэзідэнцыю пасля разбурэнняў Паўночнай вайны 1700-1721.

Новы этап разбудовы комплексу пачаўся ў 1760-х гадах, пры князю К.-С.Радзівіле Пане Каханку. У 1763 ансамбль дапоўніла надбрамная вежа ў стылі позняга барока, званага віленскім. Гэтыя дзве маляўнічыя вежы бенедыктынскага комплексу стваралі выразную сілуэтную кампазіцыю ў панараме горада. (Т. М. Габрусь ("Мураваныя харалы. Сакральная архiтэктура беларускага барока". Мн.: Ураджай, 2001, старонкi 73-76)

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793г.) кляштар працягваў дзейнасць. На 1804 было 22 навучэнкі, 48 чал. жаночай прыслугі і 16 рамеснікаў, на 1828 г. - 33 манашкі, пераважна з Менскага і Наваградзкага паветаў. У бібліятэцы было 437 кніг на польскай і 79 на лацінскай мовах.

Неўзабаве пасля паўстання 1863-1864 кляштар быў скасаваны, касцёл перадалi праваслаўнай царкве, а ў 1876 г. былыя кляштарныя будынкi былi прыстасаваны пад казармы.

Напрыканцы XIXст. была разабрана вежа касцёла (зафiксавана яшчэ на фота 1894), быццам бы пашкоджаная маланкай, з адначасовай прыбудовай з процiлеглага боку будынка характэрнай для праваслаўнай царквы цыбулiны над гранёнай апсiдай былога касцёла.

У 1920 г. ўлады II Рэчы Паспалiтай вярнулі будынкі бэнэдыктынкам, але ўжо пасля Другой Сусветнай вайны ў 1945 г. савецкія ўлады зачынілі кляштар, тут была размешчана педагагiчная вучэльня. Зараз у гэтых сценах месцiцца нясвiжскi дзяржаўны каледж iмя Якуба Коласа.

Старыя фотаздымкі, выявы, пляны

Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).

Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.

Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).

Нясвiж. Выява касцёла Св. Яўхiмii i кляштару бенедыктынак на фота напрыканцы XIXcт (да разборкi касцёльнай вежы). Калаж з архiўных фота. Крынiцы - Teofil Eugeniusz Boretti, 1894г., фотапаштоўкi з iнтэрнэт аукцыёна ebay de Нясвiж. Выява касцёла Св. Яўхiмii i кляштару бенедыктынак на фота пачатку XXcт (пасля разборк касцёльнай вежы i прыстасавання пад праваслаўную царкву). Калаж з архiўных фота. Крынiцы - J. Bulhak (фота пачатку 1920-х гг., Polska w Krajobrazie i Zabytkach. Tom II. Warszawa, 1930. S. 316.), Bernatowicz T. Miles Christianus et peregrinus. Fundacje Mikolaja Radziwilla Sierotki w ordynacji Nieswieskiej. Warszawa, 1998., (фота да 1914г.), фотапаштоўкi з калекцыi Biblioteka Narodowa. Poczt.17166 з iнтэрнэт аукцыёна ebay de Нясвiж. Выява касцёла Св. Яўхiмii i кляштару бенедыктынак на фота першай паловы XXcт (мiжваенны перыяд II Рэчы Паспалiтай да 1939г., пасля вяртання комплекса бенедыктынкам). Калаж з архiўных фота. Крынiцы - Аляксандар Дзідзевіч (эл. архіў), Album Nieswieza. Wykonane przez mlodziez p. Seminarjum Naucz. w Nieswiezu, Biblioteka Narodowa. AFF.I-18: Biblioteka Narodowa. F.87441/IVA. Нясвiж. Выява касцёла Св. Яўхiмii i кляштару бенедыктынак (пазначаны чырвоным колерам, план комплекса на сучасным аэрафотаздымку Яндэкс) Нясвiж. Выява касцёла Св. Яўхiмii i кляштару бенедыктынак (пазначаны чырвоным колерам) на старажытнай мапе горада пачатку XIXст. у сумяшчэннi з месцазнаходжаннем на сучасным аэрафотаздымку Яндэкс з пазначэннем гарадскiх умацаванняў i бастыёнаў. Фотамантаж by A. Nevar, 2019г. Нясвiж. Планы паверхаў касцёла Св. Яўхiмii i кляштару бенедыктынак (па Т. Бернатовічу). Крынiца - Sztuka kresow wschodnich. Materialy sesji naukowej, vol. 2, ed. J. K. Ostrowski, Krakow 1996 - Tadeusz Bernatowicz, Instytut Historii Sztuki UW, Warszawa - Kosciol i klasztor Benedyktynek w Nieswiezu, старонкi 128-137. Dzieki programowi ART-Dok Polska kolejne tomy znajda sie w bibliotece cyfrowej Uniwersytetu w Heidelbergu


Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi

3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...