Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Быхаў. Графiчная рэканструкцыя былога касцёла канонiкаў латэранскiх пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Св. Казiмiра i Св. Авгусцiна. Выгляд на пачатак XX ст.
Быхаў упершыню згадваецца ў "Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх" (канец XIV ст.), у 1430 г. сярод гарадоў, якія падтрымалі абранне Свідрыгайлы вялікім князем.
Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча. належаў князям Друцкiм, Гаштольдам, потым усе маёнткі Гаштольдаў адышлі да вялікага князя Жыгімонта I Старога. Быхаў быў ператвораны ў цэнтр дзяржаўнага староства, здадзенага ў заклад князю І. Саламярэцкаму, які пазней перадаў горад Геранiму Хадкевічу.
У 1561 г. Быхаў перайшоў да яго сына Яна, "графа на Шклове, Быхаве, Глуску і Мышы", распачаўшага тут будаўніцтва быхаўскіх гарадскіх ўмацаванняў і Быхаўскага замка. А ўжо яго сын Ян Караль Хадкевіч (апошні ўладальнік Быхава з роду Хадкевічаў) заснаваў тут касцёл, фундаваўшы ў 1619 кляштар для канонікаў латэранскіх з драўляным касцёлам Святога Казіміра.
У гады ваенных лiхалеццяў тыя пабудовы не захавалiся i ў 1765 (па iншым звесткам у 1768г.) тагачасныя ўладальнікі Быхава Сапегі збудавалі на месцы драўлянага новы мураваны касцёл пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Св. Казiмiра i Св. Авгусцiна..
Па вядомым фота касцёла i стылевым асаблiвасцям (эклектычныя спалучэннi рысаў позняга барока - ранняга класiцызму) можна меркаваць, што касцёл быў перабудаваны ў XIXст. i змянiў свой першапачатковы выгляд. Станам на 1744г. парафія належала да Аршанскага дэканату і ўлучала, апрача Старага і Новага Быхава, 24 населеныя пункты.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772г.) Быхаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (у 1796-1805гг. заштатны горад Беларускай губерні). 16 жніўня 1781г. ён атрымаў герб: "у чырвоным полі дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы". На 1783г. у Быхаве было 534 будынкі, працавала павятовае вучылішча. У 1781г. з'явіўся генеральны план, згодна з якім горад набыў рэгулярную структуру.
Пасля здушэння вызваленчага Паўстання 1830-31 расейскія ўлады канфіскавалі Быхаўскі маёнтак у Сапегаў. Кляштар быу скасаваны ў 1843, у ягоных будынках размясцілася жаночая гімназія. Пазней у кляштарным корпусе працавала расійская вязніца.
Касцёл застаецца парафiяльным. Напрыканцы ХIХ - пачатку XX стагоддзя ў Быхаве дзейнічала цэркваў праваслаўных тры (з якіх адна мураваная), рымска-каталіцкі касцёл, сінагога і да дзясятка малітоўных яўрэйскіх дамоў. У горадзе праводзіліся тры нязначныя кірмашы ў год.
За савецкім часам бальшавікі зачынілі касцёл (ў 1928г), а потым ўзарвалі касцельную званіцу. У часы другой сусветнай былы касцёл моцна не пацярпеў, але святыню зруйнавалі ў 1960-я гады.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...