Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Глуск (Глуск Пагарэлы, зараз в.Гарадок) згадваецца ў пiсьмовых крынiцах XIV-XV ст. як вотчына старажытнага княжацкага роду Гальшанскiх. Пра час пабудовы замка i заснавання Глуска-Дубровiцкага сведчыць каралеўскi прывiлей ад 20 снежня 1522 г.
Падчас вайны 1654-1667 гг. у пачатку сакавiка 1655 г. атрад казакаў Iвана Залатарэнкi разбурыў Глуск. Вельмі шмат тады загінула жыхароў. Дарэчы, археолагі знайшлі іх пахаванні, размешчаныя проста на тэрыторыі замка, пад валамі. Моцна пацярпелы горад канстытуцыяй сойма ад 19.05.1655 г. быў вызвалены ад падаткаў. Працы па аднаўленні і рэканструкцыі Глускага замка пасля вайны ажыццяўляў ягоны гаспадар князь Аляксандр Гіляры Палубінскі. Была ўзведзена фактычна новая магутная фартэцыя з дзвюма мураванымi вежамi, землянымi валамi, пяццю бастыёнамi i ровам, запоўненым вадой.
Цiкава, што вывез Палубінскі для Глуска 80 гармат з... Берасця! (бо з’яўляўся адміністратарам берасцейскай каралеўскай эканоміі). Берасцейскі замак, які пераўтвараўся ў бастыённую фартэцыю таксама ў другой палове XVII стагоддзя, па канфігурацыі такі ж, як і Глускі. Аляксандр Палубiнскi у 1662г. фундаваў сродкi на пабудову драўлянага касцёла св. Антонiя кляштару бернардзiнцаў.
У 1667 г. сойм пацвердзiў выдзяленне А. Палубiнскiм "месца на касцёл, кляштар i сад" айцам бернардзiнцам у Глуску-Дубровiцкiм. У тым жа годзе быў пабудаваны новы мураваны касцёл (Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі). З 1744г. тут дзейнiчае Глуская парафiя (ў Бабруйскiм дэканаце). З 1781г. створана парафiяльная школа (у 1790г. было 15 вучняў). У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793г.) Глуск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце.
Кляштар бернардзiнцаў скасаваны у 1832г., але касцёл застаўся парафiяльным. Пасля рэформы 1861 г. Глуск - цэнтр воласці Бабруйскага павета, у 1864г. - горад, які налічваў каля 3 тысяч жыхароў, касцёл, 2 царквы і 5 сiнагог. У 1935 годзе пры "савецкай" уладзе касцёл, як пазней і праваслаўны храм, быў адабраны ў вернiкаў, а ўсе яго багатае ўбранне было знiшчана i расцягнута.
Назаўсёды зніклі гравюры мастака еўрапейскага маштабу Аляксандра Тарасевіча, якi ў Глуску нарадзіўся і тварыў У 17-м стагоддзі. Былы касцёл ператварыўся ў склад стружкавай арцелі, з адпаведным да яго стаўленнем, дзе неўзабаве адбыўся пажар. Падчас Другой сусветнай вайны немцы ў былым касцёле зрабілі склад боепрыпасаў, а пры адступленні ў 1944г. склад ўзарвалі.
Судзячы па выяве на пасляваеннай карцiне I. Булгакава, у вынiку выбухаў абрынулicя купал i скляпеннi над алтарнай часткай. Пазней парэшткi касцёла былі утылiзаваны на будматэрыялы. Зараз тут месцiцца гарадскі стадыён. Да нашых дзён захаваліся замкавыя валы і рэшткі бастыёнаў. З 1996 года некалькi cезонаў археалагічныя даследаванні сістэматычна праводзiлiся пад кіраўніцтвам І. Ганецкай
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...