Arch-спадчына

Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны

Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com

Край:   Берасьцейскі   Віцебскі   Гарадзенскі   Гомельскі   Магілёўскі   Менскі   Па-за межамі РБ

Богаяўленская царква
Магілеў, Магілёўскі край

Гісторыя і рэканструкцыя

Магiлеў. Графiчная рэканструкцыя Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра. Выгляд на пачатак XXст.

Магілёўскі Богаяўленскі манастыр - адзін з буйнейшых праваслаўных манастыроў на тэрыторыi Беларусі, існаваў у XVII-XX ст. Яго гісторыя пачынаецца ў 1618 г. і звязана з дзейнасцю праваслаўнага магілёўскага брацтва, якое было зацверджана ў 1588 г. пры Спаскім манастыры.

Пасля таго як у 1618 г. жыхары Магілева не дапусцілі ў горад вуніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, паднялі паўстанне і зачынілі перад ім гарадскія брамы, па загаду караля Жыгімонта III Вазы ўсе праваслаўныя цэрквы горада былі перададзены вуніятам. Неўзабаве праваслаўнае брацтва вырашыла будаваць новы храм. З гэтай мэтай у княгіні Саламярэцкай на сродкі князя Яна Агінскага купілі дом з пляцам на вуліцы Вялікай Шклоўскай (суч. Першамайская). Але будаўніцтва расцягнулася. Царвку пачалі будаваць толькі ў 1633 г., калі пры каралі Уладзіславе IV былі паслаблены ганенні на праваслаўных і зноў адчынены цэрквы.

У 1633 г. кароль Уладзіслаў IV падпісаў прывілей на забудову манастыра. Пры манастыры, апрача царквы, дазвалялася будаваць дом для брацкіх сходаў, школу, друкарню, шпіталь. Праз некалькі гадоў пасля ўзвядзення Богаяўленскай царквы на тэрыторыі манастыра была пабудавана "цёплая" мураваная царква Іаана Багаслова. У 1657 г., пасля вайны з Масковіяй, было працягнута будаўніцтва мураванай чатырох'яруснай званіцы (пачатак адносіцца да 1652 г.).

У 1676 г. кароль Ян Сабескі выдаў брацтву прывілей на адкрыццё пры Богаяўленскім манастыры друкарні і выданні кніг на беларускай і польскай мовах. У гэтым жа годзе быў пабудаваны драўляны будынак друкарні (у 1737 г. узведзены мураваны). У друкарні працавалі вядомыя друкары і гравёры Максім і Васіль Вашчанкі, Фёдар Ангілейка і іншыя мясцовыя майстры, што стварылі самабытную школу кніжнай гравюры. Выданні мелі тытульныя лісты, застаўкі, канцоўкі і ініцыялы, выкананыя ў стылі так званага "магілеўскага барока" - так сучасныя мастацтвазнаўцы вызначаюць характэрнае спалучэнне мясцовых мастацкіх традыцый з рысамі заходнеэўрапейскага барока і візантыйскага мастацтва.

Будаўніцтва храма вялося арцеллю мясцовых майстроў пад кіраўніцтвам Варлама Палоўкі і Арсенія Азаровіча. У 1636 г. сабор асвяціў магілеўскі епіскап Сільвестр Косаў. У першай палове XVII ст. - гэта галоўны храм буйнейшага праваслаўнага цэнтра Беларусі. Але цікава, што ў архітэктуры збудавання ўжо праявіліся рысы ранняга барока - стылю, які быў прыўнесены ў беларускае манументальнае дойлідства каталіцкай контррэфармацыяй. Надзвычайная выразнасць, экспрэсія, хараство архітэктурных форм гэтага стылю арганічна ўспрыняліся праваслаўным культавым будаўніцтвам, але ў самабытнай трактоўцы.

Богаяўленскі сабор уяўляў сабою велічную трохнававую базіліку з трансептам і трыма паўкруглымі алтарнымі апсідамі. У яго аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі спалучаліся рысы заходнеэўрапейскай культавай архітэктуры (цэнтральны неф і папярочны трансепт утваралі ў плане выцягнуты лацінскі крыж на ўзроўні карніза) і традыцыйныя элементы старажытнарускага дойлідства (трохапсіднасць).

Цэнтральная нава, перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, аддзяляўся ад бакавых наваў з крыжовымі скляпеннямі 10 масіўнымі квадратнымі слупамі, на якія абапіраліся падпружныя аркі. Наяўнасць слупоў у пралёце трансепта сведчыць, што першапачаткова сяродкрыжжа не вылучалася канструкцыйна, а купал адсутнічаў. Трансепт - элемент каталіцкай базілікі - нагадваў бакавыя прыдзелы, завершаныя з усходу алтарнымі апсідамі. У паўночны прыдзел вёў асобны ўваход. Алтарная частка мела ўвогуле арыгінальнае вырашэнне.

Вялікая паўкруглая апсіда далучалася да простакутнага віма. У месцы іх злучэння ў тоўшчы сцен былі ўбудаваны невялікія рызніцы. Вім аддзяляўся ад цэнтральнага нефа двума мураванымі слупамі ў зоне падкупальнага квадрата, да якіх мацаваўся чатырох'ярусны разьбяны іканастас. Ярусы падзяляліся карнізамі, якія падтрымлівалі разьбяныя калоны, аздобленыя расліннымі пабегамі, лісцямі і гронкамі вінаграда. У інтэр'еры храма іканастасу належала асноўная роля.

Іканастас быў зроблены манахамі і гарадскімі рамеснікамі адначасова з храмам і з'явіўся ўзорам для іканастаса Мікалаеўскай царквы ў Магілеве і шматлікіх іканастасаў Масковіі, выкананых беларускімі майстрамі ў другой палове XVII ст., якіх вывезлі ў Маскву падчас Крывавага Патопу 1654-1667.

Сакавітая аб'ёмная разьба з расліннымі матывамі, пазалочаная чырвоным золатам, прыгожа зіхацела, асветленая свечкамі. Над абразамі працаваў вядомы іканапісец і гравёр Афанасій Пігарэвіч. Срэбраныя пазалочаныя шаты для многіх абразоў выканаў у 1755 г. мясцовы "залатых спраў майстар" Пётр Сліжык.

Інтэр'ер сабора ўпрыгожвалі фрэскавыя роспісы на біблейскія і евангельскія сюжэты, у якіх шырока ўжываліся мясцовыя этнаграфічныя дэталі, адзенне, пейзаж, народны тыпаж. Насценны роспіс храма быў моцна пашкоджаны ў Другую сусветную вайну. М.С.Кацар, які даследаваў фрэскі пасля вызвалення Беларусі, зафіксаваў у розных месцах 20 сюжэтных кампазіцый і 16 асобных фігур святых. На тарцовай сцяне паўднёвага крыла трансепта знаходзілася выява Іаана Хрысціцеля з данатарам, які трымаў у руцэ мадэль Богаяўленскага сабора. Па гістарычных крыніцах і іканаграфічнаму падабенству мастацтвазнаўцы лічаць, што гэта выява князя Яна (Івана) Агінскага, фундатара храма.

Галоўны будынак манастыра - Богаяўленская царква за час свайго існавання неаднаразова перабудоўвалася. Да канца XVII ст. базіліка мела двухсхільны гонтавы дах, над якім узвышаліся толькі дзве вежы галоўнага фасада. У 1700 г. царква была пакрыта бляхай і завершана пазалочаным купалам на высокім васьмігранным светлавым барабане.

У 1708 г. у час Паўночнай вайны 1700-1721 царква абгарэла, нанёс значную шкоду і пажар 1748 г. У 1750-1760 гг. праводзіліся аднаўленчыя работы. У гэты час з паўночнага боку была далучана бакавая прыбудова, а з заходняга, да галоўнага фасада - прытвор. Пасля пажару 1810 г., і вайны 1812 г. царква знаходзілася ў паўразбураным стане. У 1850 г. храм аднаўляўся і быў урачыста адкрыты ў 1865 г. У 1866 г. узведзена мураваная ўязная брама з двума пілонамі эклектычнай архітэктуры.

Новыя разбурэнні храму прынеслі бальшавіцкая ўлада і Другая сусветная вайна. Але і пасля апошняй вайны магутны гмах Богаяўленскага сабора без даху і вежаў захоўваў былую веліч. Яго даследавалі гісторыкі архітэктуры Беларусі Ю.А.Ягораў і М.С.Кацар. Зроблены абмеры, налічана кантрыбуцыя на немцаў за разбурэнне помніка. Ці не на атрыманыя сродкі ў 1950-я гг. выдатнейшы помнік ранняга беларускага барока ўзарвалі. (Літ.: Тамара Габрусь - Зруйнаваныя святыні Страчаная спадчына, Мінск, Полымя, 1998; Т.І. Чарняўская, Архітэктура Магілёва, Мінск, Навука і тэхніка, 1973, апублiкавана на сайце radzima.org)

Старыя фотаздымкі, выявы, пляны

Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).

Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.

Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).

Магiлеў. Выява галоўнага фасада (з боку суч. вул. Першамайскай) Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра. Фота пачатку XXст. Крынiца - Нива. №11, 1901 г., апублiкавана - Давід Алег Лісоўскі, Фотагісторыя Магілёва Магiлеў. Выявы Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (пазначаны чырвоным) на старадаўнiх гравюрах. Апублiкавана - Давід Алег Лісоўскі, Фотагісторыя Магілёва (mogilev-history.blogspot.com). (Гравюра з выявай Магiлёва з Книги житий святых, Могилёв, 1702г.;
		Магілёў, Дубравенка (N. Lvov, 1800г.);
		Рака Дубравенка (1882г.) - Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном и бытовом значении / под ред. П.П. Семенова. Т. 3. Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. — СПб.; М.: Тов. М. О. Вольф, 1882. С. 404.;
		Панарама з берага ракi Дубравенкі (1882г.) - Опыт описания Могилевской губернии в историческом, физико-географическом, этнографическом, промышленном, сельскохозяйственном, лесном, учебном, медицинском и статистическом отношениях / сост. [с предисл.] и под ред. А.С. Дембовецкого. — Могилев, 1882—1884. — 3 т. Кн. 1. — 1882. — 25, 782 с.; 9 л. ил., 1 л. к. Магiлеў. Выявы галоўнага фасада (з боку ракi Дуброавенкi i суч. вул. Першамайскай) Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра. Фота пачатку XXст. (зверху 1909г. 1918г.,) i напачатку Другой сусветнай вайны (1941-1942гг., знiзу) з iнтэрнэт аукцыёна eBay de. Апублiкавана - Давід Алег Лісоўскі, Фотагісторыя Магілёва (mogilev-history.blogspot.com) Магiлеў. Выявы фрагментаў фасада Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра. Фота 1939г. Аўтар - Аляксей Вінэр, крынiца - Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Калекцыя лічбавых копіяў № 19 Дакумэнты з фондаў Царкоўна-гістарычнага музэя Менскай духоўнай акадэміі Магiлеў. Выявы званiцы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (з боку суч. вул. Першамайскай) на фота пачатку XXcт. (1917г., да
		1918г.) Крынiца - Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси. — М.: Прогресс-традиция, 2002. — С. 105. — 700 с. — 2000 экз.; фота by Vinogradov M. D. 11.12.1917г. Магiлеў. Выявы Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра з боку Суч. Савецкай плошчы i пач. вул. Першамайскай розных часоў (да 1918г., напачатку i па Другой сусветнай вайне 1941г, 1944г., 1959г. Апублiкавана - Давід Алег Лісоўскі, Фотагісторыя Магілёва (mogilev-history.blogspot.com) Магiлеў. Выява Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра ад званiцы i са званiцы (верхнiя фота) спасскага манастыра (да 1918г.) i з ратушы (нiжнiя фота) па Другой сусветнай вайне i пасля (1942г., 1976г.). Апублiкавана - Давід Алег Лісоўскі, Фотагісторыя Магілёва (mogilev-history.blogspot.com) Магiлеў. Выявы Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (пазначаны чырвоным) на старадаўнiх мапах горада (1778г. i 1820г) у параўнаннi з выявамi на аэрафотаздымках часоў Другой сусветнай вайны (1943г.) i cучасным аэрафотаздымке Яндэкс. Фотамантаж by A. Nevar, 2020г. Магiлеў. Месцазнаходжанне Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (пазначаны чырвоным) на аэрафотаздымку часоў Другой сусветнай вайны (1943г.) у параўнаннi з сучасным аэрафотаздымкам Яндэкс. Фотамантаж by A. Nevar, 2020г. Магiлеў. План i iнтэр'ер Богаяўленскай царквы Магілёўскага Богаяўленскага манастыра (паштоўка з прыватнай калекцыi Уладзімера Ліхадзедава) Апублiкавана - Давід Алег Лісоўскі, Фотагісторыя Магілёва (mogilev-history.blogspot.com)


Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi

3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...