Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Магілёў. Графiчная рэканструкцыя былога езуiцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў, пазьней Васкрасенская царква з дабудаваным драўляным купалам. Выгляд на перыяд пачатку XXст. .
Мніхі Ордэну езуітаў з'явіліся ў Магiлёве ў 1678 , і месцiлiся спачатку ў драўляным касцёле і калегіуме. Мураваны калегіум пачалі будаваць у 1686 у Старым горадзе, каля Каралеўскай брамы.
У 1697 П.Талстой, стольнік Пятра І, сведчыць у сваім дзёньніку: "...в Могилеве же вновь строят езуиты кляштор каменный, то есть монастырь немалый, построено уже много того монастыря каменным строением".
Падмурак мураванага касцёла быў закладзены ў 1699 , на год раней, чым у Менску муры касцёла вс. Тамаша Аквінскага, але будаўніцтва працягвалася даўжэй, да 1723 , а вежы, як звычайна, былі завершаны яшчэ пазней. Святыня кансэкравана ў 1725 у гонар св. Францішка Ксаверыя і святых Анёлаў-ахоўнікаў.
Будаўніцтва комплексу працягвалася да 1820. З ім звязаны імёны архітэктараў-езуітаў Язэпа Алендзкага (1756-1757), прафэсара матэматыкі Войцаха Абранпольскага (1786-1796) і іншых.
Касцёл — трохнававая базыліка без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам. Цэнтральная нава завяршалася не апсідай, а роўным з ёю па вышыні прэзбітэрыем, па баках якога размяшчаліся трохі перакошаныя ў плане прамавугольныя закрыстыі. Купал адсутнічаў, пра што сведчыць малюнак Юзафа Пешкі і архітэктурныя абмеры пачатку ХІХ ст.
Пасьля Падзелаў Рэчы Паспалітай 1772-95 і Паўстньня 1830 году касцёл быў перададзены РПЦ і перароблены пад Васкрасенскую царкву (1833).
У 1848 над дахам надбудавалі несапраўдны купал, які даволі ўдала паўтараў завяршэнні вежаў і ўзбагачаў сілуэт святыні (яго можна бачыць на здымках пачатку ХХ ст.). Стылістыка галоўнага фасада адпавядала пераходнаму этапу ад сталага да позняга барока: ордэрная пластыка адначасова насычаная і строгая. Гарызантальныя цягі, унізе амаль класічныя, уверсе набываюць усхваляванасць і складаныя абрысы, што стварае ўражанне барацьбы канструкцыі і формы.
Вежы маюць толькі адзін ярус над узроўнем карніза цэнтральнай навы ў выглядзе даволі масіўных чацверыкоў, завершаных складанымі шмат'яруснымі барочнымі купалкамі маляўнічага абрысу. (Апісаньне паводле даследваньняў Т.В.Габрусь "Мураваныя харалы. Сакральная архiтэктура беларускага барока", Мiнск, 2001г.)
Касцёл св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў перажыў Другую Сусветную вайну і быў зруйнаваны за савецкім часам у 1950-я гады.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...