Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Мсціслаў. Гiпатэтычная графiчная рэканструкцыя былога езуiцкага касцёла Св. Міхаіла Арханёла.
Летапісны заснавальнік горада, князь смаленскі Расціслаў Мсціслававіч (унук Уладзіміра Манамаха), назваў яго ў гонар свайго бацькi Мсціслава Вялікага. Першы пісьмовы ўспамін змяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расціслава, якая датуецца 1136-1150. Але старажытнае паселішча ўзнікла на Замкавай гары шчэ ў ХII ст.
З сярэдзіны XІV ст. Мсціслаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага за часам в.князя Альгерда.
ХVII ст. пачалося з вайны з Масквой 1609-1618, у выніку якой быў заняты Крэмаль і вазвёрнуты Смаленск. За часам вайны у Мсціслаўскім крае з'яўляюцца каталіцкія манахі, якiя прымаюцца за пабудову касцёлаў, кляштароў і школ (да 1600 г. тут быў толькі адзін касцёл, у Сакольне). Цягам ХVII ст. у Магілёўшчыне было пабудавана 26 касцёлаў, 4 з іх былі ўзведзены ў Мсціславе. Ад 16.08.1634 кароль і в. князь Уладзіслаў Ваза надаў Мсціславу Магдэбургскае права і герб.
Першы ў горадзе касцёл Св. Мікалая быў пабудаваны езуітамі ў 1614 пры спрыяньні старасты Пятра з роду Пацаў. Зацвярджэньне рэзідэнцыі езуітаў у Мсціславе адбылося на сойме 1690 года; тады ж Мсцiслаўская шляхта заклікала закласьці ў горадзе місіянерскі дом і школу.
Цягам Паўночнай вайны 1700-1721, ў 1708 годзе, шведскія войскі зруйнавалі горад. Місія езуiтау таксама была разрабавана і спалена.
Пасля вайны горад пачаў адбудову. Будаўніцтва касцёла пад тытулам Св. Міхаіла Арханёла, Св. Барталамея і Св. Ксаверыя пачалося ў 1730 г, скончана ў 1749.
У касцёле меліся дзве сакрыстыі. Вiзiтацыя 1818 дае ўяўленне аб касцёле — павернуты фронтам да рынку, ўнутры і звонку атынкаваны, у сярэдзіне маляваны роспiсамі, з дзвюма вежамi, гонтай крыт, капліца пабочная, адна жалезнай бляхай, а другая гонтай крыты. Вежы таксама абедзве жалезнай бляхай крыты. У адной вежы гадзіннiк з боем знаходзiцца, пяць званоў.
Згадваецца адрамантаваны ў гэтым жа годзе арган "аб 12 галасах" i апісаньне ўсіх сямі алтароў. Касцёл — трохнававая базылiка з двухвежавым фасадам-нартэксам i прота-трансэптам (у рудыментарнай форме), апсiда прэсбiтэрыя мае паўкруглае завершанне, перакрыта конхай з распалубкамi, навы перакрыты крыжовымi скляпеннямi.
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Мсціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імперыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 цэнтр павета Магілёўскай губерніі).
Пасля Паўстаньня 1830 указам імператара будынкі касцелу і калегіі былi адданы РПЦ пад Тупiчаўскi манастыр. У 1836 распрацаваны праект рэканструкцыi былога касцёла пад Мiкалаеўскi сабор — над дахам надбудаваны паўсферычны купал на круглым барабане (узведзены ў 1842), зьмянілася зьвяршэньне вежаў , перабудавуаны франтоны.
У 1877 манастыр быў зачынены, а царква былога Мікалаеўскага манастыра стала гарадскiм саборам.
Пры наведваньні ў 1913 Мсціслава біскупам Магілёўскім і Мсціслаўскім адзначалася, што "Мсціслаўскі сабор і па вонкавым выглядзе, і па ўнутранаму ўбранню і незвычайнай чысціні пакідае ўражанне вельмі радаснае".
Мікалаеўскі сабор лічыўся ў спісе помнікаў архітэктуры Беларускай ССР у 1926 і 1949. У аналагічным спісе, складзеным у 1953, Мікалаеўскі сабор ужо адсутнічаў.
Пасля Другой Сусветнай вайны наплову зруйнаваны будынак быў часткова адноўлены і заняты раённым домам культуры. Пасля тут месцiлася школа-інтэрнат. У 1995-1996 пачалася рэстаўрацыя, але хутка скончылася фiнансаваньне, будынак не быў нават закансерваваны належным чынам i з тых часоў паступова стаў разбурацца.
Улетку 2017 абрынулася калона з часткай арак, якiя трымаюць скляпеньнi, што апынулiся такiм чынам у аварыйным стане. Ураджэнец Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч (Denis Kostyukevich) двойчы звяртаўся да міністраў культуры з просьбай выратаваць будынак, нават зрабіў кранаючы відеэ-зварот. Але — "вылучыць сродкі з рэспубліканскага бюджэту на вышэйадзначаную гісторыка-культурную каштоўнасць не ўяўляецца магчымым".
З моманту першага відэазвароту не прайшло i паўгады, i падобна на тое, што праз год ратаваць ужо не будзе чаго — ужо абвалілася частка сцяны з усiмi cкляпеннямi, дах пакуль абапiраецца толькi на процiлеглую сцену i распалубкi апсiды.
Дзяніс Касцюкевіч разам з суполкай "Адраджэньне Мсціслаўля" намагаюцца спыніць заняпад спадчыны. На старонке суполкі можна знайсьці падрабязную інфармацыю пра гісторыю і сучасны стан кацёла, прафесійныя відэа-агляды, а таксама кантактную інфармацю удзельнікаў.
Дабрачынны рахунак Фонду — р/с BY73 BAPB 31352908100160000000, в РКЦ № 19 в г.Мстиславль филиала ОАО "Белагропромбанк - Могилевское областное управление", код BAPВBY27458 , УНП 790613221. Пасведчаньне аб рэгістрацыі № 07-014 ад 18.12.2015 года.
Справа вартая дапамогі.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...