Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Любешыў, або Любяшоў (Валынская вобласць Украiны, былое магдэбургскае мястэчка гістарычнай Піншчыны) Графiчная рэканструкцыя касцёла Св. Яна Евангелiста кляштару пiяраў
Першы пісьмовы ўспамін пра маёнтак Любяшоў змяшчаецца ў Літоўскай метрыцы і датуецца 18 верасня 1484 ("Дэкрэт аб падзеле маёнткаў Альбяза, Любяшова, Біскупіча і Роснага з сёламі паміж М. Даркгевiчам і Я. Давайновiчам"), што ўскосна сведчыць аб тым, што паселiшча нашмат старэй, паколькі Любяшоў ужо быў, развіваўся і нават праз суд дзялілі яго навакольныя маёнткі.
Пад 1516 паселішча таксама узгадваецца ў судовым дакуменце "Пастанова па скаргах княгіні Пятрухны Глінскай і яе сястры Варвары Станковіч на іх зяця Юрыя Рачка, суддзю Бельскага, які ўхіляецца ад падзелу Любяшова і іншых маёнткаў, што засталіся па іх маці". Гэта хіба што першая згадка пра род Глінскіх, які ўвайшоў у беларускую літаратуру дзякуючы Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і яго гумарыстычнаму твору "Пінская шляхта".
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай Любяшоў, як i ўся тэрыторыя былога Пiнскага княства, адміністрацыйна ўваходзіць у склад Пінскага павета Берасцейскага ваяводства. У 1565-1566 Пiнскае княства пасля ад'езду тагачаснай яго ўладальнiцы каралевы Боны Cфорцы ў Італію, было перададзена яе сыну Жыгімонту Аўгусту, які пераўтварыў яго ў староства.
Па некаторых звестках крыху раней, у 1547 Любяшоў пераходзіць у валоданне графа Льва Абразцова i далейшым, пасля падпісання Люблінскай уніі 1569, Любяшоў разам з навакольлем, перайшоў у склад Кароны Польскай, што не стыкуецца аднак з тым, што на мапах ён пазначаны ў складзе Берасцейскага ваяводства Вялiкага Княства Лiтоўскага.
У складзе Расейскай Iмперыi i ў II Рэчы Паспалiтай - Любешыў у складзе Пiнскага павета Мiнскай Губернii i Пінскага павета Палескага ваяводства адпаведна.
Да i пасля далучэння Заходняй Украiны i Заходняй Беларусi ў склад СССР з 17.09.1939 па 04.12.1939 спачатку ў складзе БССР, але ўжо з 18.01.1940 Любешыў - раённы цэнтр Валынскай вобласцi УССР.
Але вернемся ў 1686 - Пінскі падкаморы і маршалак, адначасова вялікі крайчы літоўскі, вялікі падчашы літоўскі, надворны і вялікі маршалак літоўскі, а напрыканцы жыцця граф - Ян Караль Дольскі заснаваў у Любяшове калегіум айцоў піяраў, які зрабіўся значным адукацыйным цэнтрам у эпоху асветніцва (у 1788г. тут вучыліся 75 юнакоў), здабыў славу важнага еўрапейскага вучылішча.
Калегіум прымаў у свае лавы не толькі шляхецкіх дзяцей, але і звычайных сялян, навучаліся тут каталікі побач з праваслаўнымі, пратэстантамі і іудэямі, у сценах вучэльнi не мела месца дыскрымінацыя ані паводле рэлігійнай, ані паводле нацыянальнай прыналежнасці.
Цiкава, што ў 1753-1758 у Любяшоўскім піярскім калегіуме навучалiся браты Тадэвуша Касцюшкi - Юзаф i Андрэй Тадэвуш Банавентура.
З даследванняў Р. М. Шеретюка дазнаемся, што будаўніцтва першага драўлянага касцёла ў гонар святога Апостала Яна Евангелiста пачалося 10 красавіка 1689 Антоніем Машынскiм.
Унутры яго размяшчаліся пяць алтароў. Заснавальнік распарадзіўся перанесці ў гэты касцёл цудатворны абраз Божай Маці, які дагэтуль знаходзіўся ў радавым маёнтку Дольскіх у Целяханах.
А ўжо будаўніцтва мураванага касцёла піяраў у Любяшове адбылося больш чым праз паўстагоддзя (1745) і працягвалася доўгіх 17 гадоў.
Папа Рымскі асабіста кантраляваў гэтае будаўніцтва, паколькі ў Любяшове амаль 20 гадоў знаходзілася рэзідэнцыя яго нунцыя, то бок амбасадара.
У 1762 будаўнiцтва было скончана. У плане любяшоўскі Касцёл Святога Яна Евангеліста ўяўляў сабой крыж, меў па баках дзве капліцы і чатыры франтоны, кожны з якіх завяршаўся вялікім жалезным крыжам.
Перад касцёлам знаходзіліся дзве каменныя калоны, на якіх стаялі каменныя фігуры Маці Божай (ласкавай) і Іосіфа (Абручніка). Побач знаходзілася драўляная званіца, у якой было чатыры званы: самы вялікі звон меў вагу 1677 фунтаў, сярэдні-300, менш-206 і самы маленькі - усяго 60.
Касцёл i кляштарныя пабудовы моцна пацярпелi падчас падзей Першай сусветнай вайны. У міжваенны перыяд на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі і землі Валыні, праводзіліся дастаткова маштабныя працы па рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў.
На першых вядомых фота Любешава (1910-1914), дзе будынкi зафiксаваны яшчэ без атрыманых падчас вайны пашкоджанняў, касцёл ужо быў без вежаў i некаторага зафiксаванага на абмерным чарцяжы дэкору. Калi вежы былi разабраны (i цi былi ўвогуле дабудаваны) - невядома.
Таксама трэба ўзгадаць пра шматлiкiя роспiсы iнтэр'ераў касцёла. Пакінуў вышэй згаданы даследчык і памяць пра поўныя драматычнага выразу статуі маці Божай і святога Іосіфа, ацалелыя падчас бамбардзіроўкі касцёла без малейшых пашкоджанняў.
Такім любяшоўскі касцёл выглядаў у 30-я гады ХХ ст.
Аднак у савецкі час ён быў зруйнаваны. Уладамі было прынята рашэнне не аднаўляць яго, а цалкам знесці, што i адбылося 17 ліпеня 1969.
Такім чынам, на сёння ад будынка касцёла Св. Яна Евангелiста нiчога не засталося, а ў ацалелых памяшканнях слаўнай ў мінулым піярскай навучальнай установы размясціліся раённая друкарня, рэдакцыя газеты ды Аддзел адукацыі і навукі.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...