Arch-спадчына

Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны

Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com

Край:   Берасьцейскі   Віцебскі   Гарадзенскі   Гомельскі   Магілёўскі   Менскі   Па-за межамі РБ

Дамініканскі касцёл
Чашнікі, Віцебскі край

Гісторыя і рэканструкцыя

Чашнiкi. Графiчная рэканструкцыя былога дамiнiканскага касцёла.

Першае ўзгадванне Чашнікаў адносіцца да 1504г. (у пераліку буйных паселішчаў Полаччыны). З пачатку XVI ст. Чашнікі знаходзіліся ў складзе Полацкага ваяводства, у валоданні князёў Лукомскіх. У канцы XVI ст. мястэчка перайшло да Кішкаў, у пачатку XVII ст. — да Друцкіх-Сакалінскіх, пазней да Сапегаў.

Чашнікі былі спраўным гандлёвым паселішчам. Менавіта каля іх адбылася знакамітая бітва на Уле 1564 , у часы Лівонскай вайны 1558-83 з Маскоўскім царствам, у якой 6 тыс. літвінаў пад началам Рыгора Хадкевіча і Радзівіла Рудога стрымалі 20 тыс. варожага войска.

Пасля Крывавага Патопу 1654-67 у Чашніках з 90 даваенных дымоў захавалася 23 (25%), а тры чвэрцi насельніцтва было знішчана ці выведзена акупантамі. I ўсё ж такi Чашнікі развіваліся і захоўвалі сваё эканамічнае становiшча. З 1649 году мастэчка было ў валоданні Слушкаў.

У 1664г. харунжым Адамам Слушкай быў заснаваны дамініканскі кляштар. Мураваны храм быў пабудаваны (1779-86) ў формах позняга барока і лічыўся адным з самых вялікіх касцёлаў у гэтым рэгiоне Беларусі. На вежах размяшчаліся гадзіннiк і 3 званы, адлітыя ў Рызе (Дарэчы, у латвiйскай Дагдзе (у XIX ст. мястэчка ў складзе Віцебскай губэрніі, уладанне Буйніцкіх) ёсць вельмi падобны па аб'ёму i архiтэктуры езуiцкi касцёл, якi магчыма спраектаваны адным архiтэктарам, цi зроблены на аснове аднаго праекту).

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай ў 1793 г. Чашнікі ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі, ужо ў складзе якой У 1804 г. дамiнiканскi касцёл асвяціў суфраган полацкі Адынец. У 1816 г. яго ўпрыгожылі насценныя роспісы, якiя стваралi спецыяльна запрошаныя з Італіі мастакі, частка якіх захоўвалася да пачатку XX ст. Самым каштоўным яго ўпрыгожваннем лічылася скульптура пана Езуса, зробленая мясцовым жыхаром Прыстай ў пачатку XVIII ст. Алтар ўпрыгожвалі іконы, напiсаныя мастаком В. Лейндорфам.

Разам з мураванай праваслаўнай Праабражэнскай царквой сярэдзiны XIX ст., гэты касцёл вызначаў сілуэт драўлянага "аднапавярховага" мястэчка. Як i большасць каталiцкiх кляштароў, пасля вызваленчага Паўстаньня 1830 кляштар дамiнiканцаў у Чашнiках быў скасаваны, але касцёл заставаўся дзеючым парафiальным.

Толькi пасля Паустаньня 1863 касцёл быў зачынены, а будынак перададзены РПЦ i стаў Мiкалаеўскiм саборам.

Чашнікі, РБ Чашнiкi. Графiчная рэканструкцыя былога дамiнiканскага касцёла.. 3D мадэль - А. Невар. 2017г. Чашнiкi. Графiчная рэканструкцыя былога дамiнiканскага касцёла.. 3D мадэль - А. Невар. 2017г. Чашнiкi. Графiчная рэканструкцыя былога дамiнiканскага касцёла.. 3D мадэль - А. Невар. 2017г.

У 1930г. па загаду мясцовых уладаў вежы сабора да ўзроуню другога яруса знеслі i вiзуальна аб'ядналi з асноўным аб'ёмам будынка, якi перарабiлi пад дом культуры.

Будынак быу моцна пашкоджаны ў часы Другой Сусветнай вайны. У ім за 1942 годам, сагнаныя сюды чашніцкiя габрэі правялі сваю апошнюю ноч.

У пачатку 1960-х гг. знеслі ўжо парэшткi cцен, з якіх мясцовае насельніцтва пасля вайны здабывала цэглу для гаспадарчых патрэб. Будаўніцтва побач новай школы толькi паскорыла прыняцце рашэння аб руйнаваннi былой святынi. На гэтым месцы цяпер школьная спортпляцоўка i Падмуркi храма, хутчэй за ўсё, захавалiся.

Старыя фотаздымкі, выявы, пляны

Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).

Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.

Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).

Чашнiкi. Выява былога дамiнiканскага касцёла, перабудаванага ў дом культуры ў 1930г. Фота 1941г. Крынiца - iнтэрнет аукцыён ebay,de Электронны рэсурс - https://upload.wikimedia.org/ Дагда. Латвiя (Латгалiя) Выява былога езуiцкага касцёла. Храм двайнiк, блiзнюк чашнiцкага дамiнiканскага касцёла (па маiм меркаваннi за выключэннем асобных дэталяў амаль поўная копiя. Цi храмы спраектаваны адным архiтэктарам, цi на аснове аднаго праекта) Чашнiкi. Выява былога дамiнiканскага касцёла, перабудаванага ў дом культуры ў 1930г. Фота 1942г. Апублiкавана - Татарынаў Ю. Гарады Беларусi ў некаторых цiкавых гiстарычных звестках. Вiцебщына. Мiнск: Смэлток, 2006, стар. 67  Электронны рэсурс - https://upload.wikimedia.org/ Чашнiкi. Выява былога дамiнiканскага касцёла. Фота 1913г. Апублiкавана - Zyskar F. J. Nasze koscioly: opis ilustrowany wszystkich kosciolow i parafji znajdujacych sie na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyleglych. T. 1: Archidjecezja mohylowska. Z. 23: Dekanat lepelski. Warszawa — Petersburg, 1913. S. 408.  Электронны рэсурс - https://upload.wikimedia.org/ Чашнiкi. Выява былога дамiнiканскага касцёла з акварэлi Напалеон Орды. 1876г. Апублiкавана - форум Глобус Беларусi (fgb.by) Электронны рэсурс - https://upload.wikimedia.org/ Чашнiкi. Выява iнтэр'еру былога дамiнiканскага касцёла, перабудаванага ў дом культуры ў 1930г. Фота 1941г. Крынiца - iнтэрнет аукцыён ebay,de Электронны рэсурс - https://upload.wikimedia.org/


Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi

3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...