Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Орша. Графiчная рэканструкцыя былой бажніцы Апекі Маці Божай Базыльянскага кляштара (пазней Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы Пакроўскага манастыра РПЦ). Выгляд на пачатак XX стагоддзя. Колер умоўны.
Вобраз Оршы 200 гадоў звязваўся з выдатнейшым архітэктурным комплексам Базыльянскага кляштара, кампазіцыйнай дамінантай якога была бажніца Апекі Маці Божай.
Разам са св. Сафіяй ў Полацку, адбудаванай уніятамі ў 1750 пасьля знішчэньня маскоўскім войскам за часам Паўночнай вайны 1700-1721 і царквой св. Пятра і Паўла ў Беразвеччы, аршанскі храм можа служыць трэцім прыкладам варыяцыі на тэму цэнтрычнага, крыжовага ў плане, трохнававага базыльянскага двухвежавага храма.
У 1758 з ласкі Божай і з ініцыятывы і фундатарства аршанскага старасты Івана Лянскоўскага (паводле даследванняў Міколы Купавы) і з фундацыi былога унiятскага архiрэя Юзафа Ленкевiча, архiепiскапа Смаленскага, якi фундаваў кляштару свае землi i сяло Мiхайлавiчы (згодна з даследваннямi I. М. Слюньковай), пачалося будаўнiцтва мужчынскага базыльянскага кляштара.
Ансамбаль узводзіўся выдатнымі майстрамі і па тым часе даволі хутка: за 16 год ён быў завершаны, аздоблены ўнутры і асвечаны ў 1774 годзе, амаль адначасова з Беразвецкiм.
Кляштар размясціўся недалёка ад гістарычнага цэнтра горада, на правым беразе Аршыцы. Гэта сведчыла пра тое, што цэнтр места канчаткова склаўся і быў забудаваны, а таксама пра тое, што горад пашыраў свае межы: у паўднёвым Задняпроўі былі збудаваныя комплексы куцеінскага манастыра, на паўночным прадмесці — місіянерскі кляштар і на паўночным захадзе — комплекс базыльянскага кляштара з бажніцаю.
Велічны гмах трохнававай базылікі з двухвежавым фасадам быў збудаваны ў стылі віленскага барока. Светлыя стромкія вежы святыні і вялікі купал цэнтральнай навы, якія былі бачнымі з розных пунктаў места, нібы трымалі на сабе ўвесь горад і надавалі яму строгі урбаністычны вобраз. І наогул храм рабіў Оршу ўзнёслаю, урачыстаю. Асабліва ўражвала бажніца, аблічча якой адбівалася на люстраной гладзі ракi Аршыцы.
У 1802г. кляштару належыла парафія (прыход) з 18 вёсак і падданых фундушавага фальварка Міхайлавічы.
Пасля далучэньня да Імпэрыі і скасаваньня Берасьцейскай уніі ў 1839, базыльянскі кляштар перададзены МП РПЦ і стаў Пакроўскім манастыром, а бажніца — Пакроўскай праваслаўнай царквой.
У 1850-я Пакроўская царква перабудоўвалася — узвялі драўляны купал па вобразу Свята-Андрэеўскай царквы Кіева (купал быў знесены ураганам у 1905).
У пачатку XX ст. манастыр быў скасаваны, а Покроўская царква была аддадзена ў падпарадкаванне белага духавенства, манастырскія карпусы выкарыстоўваліся для духоўнага вучылішча.
За савецкім часам, перажыўшы Першую і Другую Сусветныя войны, у жніўні 1969 года Базыльянскя сьвятыня была знішчана.
Мiкола Купава так апiсвае гэтыя падзеi:
"Пасля сканчэння мінскай Мастацкай вучэльні я застаўся працаваць у сталіцы. У той жнівеньскі дзень ехаў у Оршу наведаць бацькоў у свой першы адпачынак. Тады і адбылася гэтая жахлівая сустрэча. На мяне зеўрыла нутром канаючая святыня, у якой не было правай навы і вежы. Чугунная "баба" заўзята працавала ўжо не адзін дзень...
Я быў у шоку, стаяў і плакаў. Першы раз убачыў бажніцу знутры і быў узрушаны яе дасканалаю прыгажосцю. Я стаяў перад канаючым феніксам. Ён маўкліва знікаў, пераўтвараўся ў пыл і прах.
А побач заўзята мітусіліся бяздушныя нікчэмнасці, якія ведалі хіба што, калі націскаць рычагі, марылі пра сваю звыклую пляшку гарэлкі, і гэтым, відаць, вымяраўся іх сэнс быцця і культурны абсяг...
Як мага хутчэй я паехаў у Менск, мяркуючы, што са сталіцы можна зрабіць больш эфектыўныя захады па ўратаванні святыні.
Адразу былі напісаны лісты ў тыднёвік "Літаратура і мастацтва" і Савет міністраў. Я наіўна спадзяваўся, што ўся рэдакцыя і Саўмін кінуцца ратаваць помнік і караць вандалаў.
Значна пазней даведаўся ад Уладзіміра Караткевіча, што ён таксама намагаўся спыніць злачынства. Але ўсё было марна. Ад бажніцы Апекі Маці Божай Аршанскай застаўся толькі невялікі кавалак цаглянай кладкі: гэта рэшткі вежы левай навы, якая прымыкала да будынка кляштара з паўночнага боку..."
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...