Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Селiшча. Графiчная рэканструкцыя касцёла Св. Веранiкi былога бернардзiнскага кляштара. Выгляд на пачатак XXст.
Селiшча — вёска Ушацкага раёна на беразе аднаймённага возера. Першы пісьмовы ўпамін пра Селішча як двор, уладаньне Я. Корсака датуецца 1552 годам (рэвізія Полацкага ваяводства). У 1674г. харунжым ВКЛ Адамам Слушкам тут быў заснаваны драўляны кляштарны комплекс ксяндзоў-бернардынцаў. З 1680 маёнтак Селiшчы належыў Корсакам-Сяліцкім, потым Францкевічам.
У першай траціне XVIII ст. Селішчам валодалі полацкi падсудак Язафат Антоні Сялява з жонкай Элеанорай, на ахвяраваннi якiх, а таксама на грошы падчашніка і ратмістра полацкага Яна Язэпа Рагозы з 1726 на беразе возера бернардынцы пачалi узводзiць "аграмадныя" мураваныя касцёл i кляштарны комплекс, будаўнiцтва якога расцягнулася да пачатку XIX cт.
Касцёл — гэта трохнававая базіліка з трансептам і паўцыркульнай 2-яруснай апсідай на высокім цокалi. Ён мае план у верхнiм сячэннi ў выглядзе лацiнскага крыжа (без купала). Да касцёла з паўночнага боку далучаўся 2-павярховы будынак кляштарнага корпуса пад высокім вальмавым дахам.
Па сваёй архiтэктонiцы святыня паўтарае славуты полацкi касцёл езуiтаў: звонку прамавугольную, а знутры — паўкруглую алтарную частку. У iнтэр'еры было 5 алтароў. Высокімі мастацкімі якасьцямі вылучаўся алтар Св. Антонія са скульптурнай групай у завяршэньні (анёл, які топча д'ябла) паміж 6 карынфскімі калонамі.
У галоўным алтары быў змешчаны прывезены з Кублішчынскага касцёла абраз Божай Маці ў сярэбранай рызе, перад якім меліся ўкленчаныя выявы фундатараў храма. Над нартэксам на магутнай арцы месціліся хоры, на якіх стаяў старажытны барочны арган, што ўражваў вернiкаў пышнасцю аздобы.
У касцёле была вельмі багатая закрыстыя, якая захоўвала не адну памятную рэч з іншых касцёлаў. Тут былі арнаты, шчодра вышываныя золатам і срэбрам, а таксама арнаты, пашытыя са слуцкіх паясоў.
Па здушэньні вызвольнага Паўстаньня 1830 ўлады Расейскай імпэрыі скасавалi кляштар (у 1832), але касцёл застаўся парафіяльным, а былы кляштар стаў плябаніяй пры касцёле.
У сярэдзiне XIXст., пры кс. Валентыновічы, быў праведзены рамонт i зроблена рэканструкцыя — зменена форма i завяршэнне вежаў, дабудаваны адзiн ярус з iншай формай купала.
Падчас Паўстаньня Каліноўскага 1863 у селішчанскім касцёле збіралася людзі, неабыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны. Тут абмяркоўвалі падрыхтоўку да паўстання, шылі вопратку для паўстанцаў, спявалі жалобныя песні.
Да 1868 у Селішчы працавала парафіяльная школа і існавала каталіцкае таварыства дабрачыннасьці. Прыкладна ў той жа час да яго была перанесена частка лiтургiчных прылад з зачыненага і перададзенага РПЦ дамiнiканскага касцёла св. Геранiма ў суседнiх Ушачах.
У 1930-я савецкія ўлады зачынілі касцёл. Ён быў апошнім — пасьля яго на Ушаччыне ўвогуле не было аніводнага дзеючага храма ні адной з канфесій. Толькі з пачатку 1990-х пачалося адраджэньне рэлігійнай дзейнасці ў краі.
Касцел св. Веранікі значна пацярпеў цягам Другой Сусветнай вайны. З тых часоў касцёл працягвае паступова разбурацца пад шыльдай "Гісторыка-культурная каштоўнасць РБ". Але, нават у такiм занядбаным стане, ён вабіць турыстаў i фатографаў, заступнiцай апошнiх як раз i з'яуляецца св. Веранiка, у гонар якой i названа гэта велiчная святыня, якую яшчэ магчыма выратаваць i аднавiць.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...