Arch-спадчына

Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны

Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com

Край:   Берасьцейскі   Віцебскі   Гарадзенскі   Гомельскі   Магілёўскі   Менскі   Па-за межамі РБ

Касцел езуітаў
Радуга, Гомельскі край

Гісторыя і рэканструкцыя

Радуга (Веткаўскi раён). Графiчная рэканструкцыя былога касцёла езуiтаў. Выглад па перабудове на праваслаўную царкву напрыканцы XIXст.

Згодна са звесткамi з кнiгi Уладзіміра Васькова "Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны" - на тэрыторыi сучаснай гомельскай вобласцi езуiцкiя мiсii iснавалi ў Гомелi, Хальчы (у сучаснай вёсцы Радуга, побач з Хальчам), Шарсцiне i Чачэрску. Місіі ў Гомелі і Шарсціне праіснавалі параўнальна кароткі перыяд, а вось Хальчанская і Чачэрская дзейнічалі амаль цэлае стагоддзе, да самага выгнання езуітаў у 1820 г. з Расейскай імперыі.

I толькi ў Радузе i Чачэрску езуiцкiя храмы былi мураванымi. Езуіцкую місію на Веткаўшчыне падтрымлівалі буйныя землеўладальнiкi - Дзерналавічы, Жукоўскія, Фашчы, Халецкія і іншыя. Так браты Казімір і Антоній Халецкія ў 1731г. фундавалi касцёл езуiтаў ля сваёй рэзiдэнцыi ў Хальчы. Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай i мiсiйны дом былi пабудаваны з дрэва i праiснавалi прыкладна да канца XVIIIст. Пазней мiсiя была перанесена ў вёску Радуга (на той момант в. Радога), дзе быў пабудаваны мураваны касцёл.

Тут дзейнiчала мiciя Бабруйскай рэзiдэнцыi езуiтаў. Пасля далучэння да Расейскай імперыі царскiя ўлады тэрмінова прыступілі да кадыфікацыі прававых нормаў дзейнасці Касцёла ў адпаведнасці з расейскім заканадаўствам і палітыкай, накіраванай на замацаванне земляў былой Рэчы Паспалітай у складзе Расейскай імперыі. Новая ўлада ўзяла на сябе абавязацельства ахоўваць свабоду каталіцкага веравызнання. У трактаце па выніках другога падзелу Рэчы Паспалітай (ад 11 ліпеня 1793 г.) Кацярына ІІ абвясціла: "...За сябе, спадчыннікаў пераемнікаў сваіх ... пакінуць рымскіх каталікоў абодвух царкоўных абрадаў на вечныя часы пры спакойнай прыналежнасці прывiлеяў, уласнасці і цэркваў, пры свабодным адпраўленні іх набажэнстваў і царкоўнага парадку і пры ўсіх правах да гэтага прыналежных...".

Умовай было прыняцце прысягі на вернасць. Езуiты аднымi з першых прысягнулi на вернасць i насуперак папскаму брэве працягнулi cваю дзейнасць - з 1773г. гэта мiсiя Магiлёўскай калегii езуiтаў. Нягледзячы на тое, што імператрыца дала езуітам прытулак і надзяліла іх роўнымі з праваслаўнымі правамі, езуiты ўсё ж праводзілі сваю палітыку.

У перыяд вайны 1812 г. імі былі створаны ваенныя фармаванні ў Радузе і Хальчы, якія ваявалі на баку Напалеона. У 1820 г. езуіты былі выгнаны з Расейскай імперыі. Тады ж у Радузе былі зачыненыя мiсiйны дом і школа езуiтаў, а касцёл пакiнуты парафiяльным. Радужская парафія была далучаная да Беліцкага (пазней Гомельскага) дэканата.

Толькі пасля падаўлення Паўстання 1863-64 была ліквідавана радужская каталіцкая парафія. Будынак Троiцкага касцёла перадалі праваслаўнай царкве (1866г.), а большую частку парафіі далучылі да Чечерскай. У 1864 г. ксёндз Радужскага касцёла Фелікс Грахольскi быў нават высланы царскiмi ўладамі ў Наўгародскую губернiю, бо ён у размовах неаднаразова выяўляў крайняе сваё незадавальненне да царскага ўрада і выказваў надзею на поспех каталiкоў у справе поспеху іх паўстання.

Пры гэтым варта адзначыць, што значная частка шляхты Гомельшчыны не падтрымала паўстання і ўсяляк выказвала сваю лаяльнасць да царскай улады. Амаль адразу быў падрыхтаваны праект рэканструкцыi былога езуiцкага касцёла пад праваслаўную царкву (1869г.), прадугледжваючый надбудову купала i вядомы па захаваўшымся архiўным чарцяжам.

Вось якое апiсанне прыводзiць гісторык, член прэзідыума Гомельскага абласнога савета таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вадзім Лось, паводле апiсання ў "Магiлёўскiх епархiяльных ведамасцях" : "... 20-21 мая 1897 г. Сяло Радуга. Православный храм, устроенный из Римско-Католического костёла в 1871 году от казны, каменный, высокий, светлый и просторный, обращен алтарем на запад; колокольня и ограда каменные, прочные и благовидные. Утварь и ризница церковные достаточны. Приход небольшой, только 1160 душ обоего пола. Причт из двух членов. Земли при церкви 54 десятин, Церковных сумм в билетах 1600 руб. В селе существует организованная церковно-приходская школа, но ученики оной вместе с псаломщиком и крестьянами поют в церкви плохо. Документы церковные в порядке. Псаломщик штрафованный, священник молодой. Библиотека церковная небогата... " ("Храмы Гомельшчыны: Навасёлкі, Радуга, Хальч, Старое Сяло", Газета "Голас Веткаўшчыны", № 9 ад 5 лютага 2011 г..- С. 7)

Пасля рэвалюцыйных падзей ў першыя гады савецкай улады царква было закрыта i не праiснавала нават да Другой сусветнай вайны - была зруйнавана яшчэ ў 1930-я гг. Не захавалiся нават каталiцкiя могiлкi (cучаснiкамi празваныя "польскімi"), якiя б нагадвалi б аб мiнулым - некалi касцёл злучаўся з iмi алеяй.

Большасць пахаванняў было ў склепах, на сёння разрабаваных i зруйнаваных - спачатку пасля рэвалюцыйных падзеяў, а пазней па вайне, для ўтылiзацыi цэглы пад больш актуальныя патрэбы на будаўнiцтва печак i падмуркаў будынкаў... Толькi час ад часу на гэтым месцы можна знайсцi яшчэ манеты часоў Рэчы Паспалiтай i медальёны нябожчыкаў.

Старыя фотаздымкі, выявы, пляны

Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).

Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.

Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).

Радуга (Веткаўскi раён). Месцазнаходжанне былога мураванага касцёла езуiтаў (пазней праваслаўнай царквы) i другой драўлянай праваслаўнай царквы на мапах розных часоў у параўнаннi з сучасным становiшчам на спадарожнiкавым здымку. Фотамантаж by A. Nevar. 2019г Радуга (Веткаўскi раён). Месцазнаходжанне былога мураванага касцёла езуiтаў (пазней праваслаўнай царквы) i другой драўлянай праваслаўнай царквы на мапе XVIIIст. у параўнаннi з сучасным становiшчам на спадарожнiкавым здымку. Фотамантаж by A. Nevar. 2019г Радуга (Веткаўскi раён). Знойдзены на месцы былых каталiцкiх могiлак медальён. Радуга (Веткаўскi раён). Панарама вёскi. Сучасны стан. Апублiкавана - артыкул РАДУГА. ВЕТКОВСКИЙ Р-Н на anonimusi. livejournal. com


Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi

3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...