Arch-спадчына

Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны

Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com

Край:   Берасьцейскі   Віцебскі   Гарадзенскі   Гомельскі   Магілёўскі   Менскі   Па-за межамі РБ

Касцёл Святога Войцэха кляштару бенедыктынак.
Менск, Менскі край

Гісторыя і рэканструкцыя

Менск. Графiчная рэканструкцыя касцёла Святога Войцэха кляштару бенедыктынак. Выгляд на сярэдзiну XIXст. да перабудовы на царкву.

Першыя манашкі бенедыктынкi перасяліліся сюды з нясвіжскага кляштара. Згодна, з даследваннямi У. М. Дзянiсава (апублiкавана ў часопiсе "Наша Вера" №2(24)/2003), кляштар бенедыктынак у Мінску заснаваў віленскі канонік і дзераўноўскі пробашч Войцех Сялява. У 1633 г. ён ахвяраваў пад кляштар зямельны пляц разам з будынкамі па вул. Зборавай (суч. вул. Інтэрнацыянальная).

14 ліпеня 1633 г. датаваны прывілей вялікага князя ВКЛ і караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV: "…зацвярджэннем запісу віленскага каноніка Альберта (Войцеха) Сялявы на 2 дамы ў Менску з будынкамі, пляцамі, гародамі і полем, якія ён купіў у Самуэля Друцкага-Горскага і Аляксандра Сакалінскага, - на мінскі кляштар бенедыктынак і касцёл пры ім Адальберта (св. Войцеха), а таксама 5000 злотых польскіх на маёнтку Пятроўскае ад Альжбеты Радзімінскай, жаны Жыгімонта Нарушэвіча". Гэты фундуш зацвердзіў віленскі біскуп Абрагам Война.

Дзякуючы намаганням Войцеха Сялявы і былі пабудаваны першыя драўляныя будынкі кляштара і касцёла св. Войцеха Біскупа Пакутніка. Будаўніцтва ж новага мураванага касцёла пачалося ў канцы 1640-х гг. Тады віленскі ваявода Крыштаф Хадкевіч і яго жонка Сафія, княжна Друцкая-Горская, ахвяравалі на будаўніцтва касцёла бенедыктынак 20 000 польскіх злотых. 1 снежня 1647 г. яны заключылі кантракт з "магістрам мулярскага рамяства" Андрэасам Кромерам на будаўніцтва святыні. У дакуменце падкрэсліваецца, што Андрэас Кромер з'яўляецца не толькі будаўніком, але і аўтарам праекта новага касцёла і кляштара бенедыктынак: "…і я сам, Кромер, пра ўсё павінен буду старацца, бо цалкам паводле малюнка, мною Іх Міласцям пададзенага, з маім уласнаручным подпісам, мушу той касцёл узвесці".

У кантракце падрабязна азначаліся памеры новай святыні, апісваліся яе асобныя дэталі і канструктыўныя элементы. Фундатары дамовіліся выплаціць Кромеру 20 тысяч польскіх злотых на працягу 1647-1649 гг. сямю часткамі. Апошнія грошы майстар павінен быў атрымаць пасля поўнага завяршэння будаўніцтва. У крыніцах другой паловы XVII ст. згадваецца, што да акупацыi падчас падзей "крывавага патопу", касцёл бенедыктынак яшчэ не быў цалкам скончаны ("…крыху быў няскончаны перад Масквою").

Падчас Крывавага Патопу 1654-67 будынкі кляштара бенедыктынак былі моцна пашкоджаныя, усе драўляныя пабудовы спаленыя, а маёмасць цалкам разрабаваная. Пасля вайны кляштар адбудавалі. У 1671 г. Мацыбела з Рагозаў, жонка Самуэля Зянкевіча, запісала кляштару фальварак Колкі ў Мазырскім павеце.

Адноўлены касцёл быў кансэкраваны грацыянапалітанскім біскупам і архідыяканам віленскім Мікалаем Слупскім пад ранейшым тытулам - св. Войцеха. Асноўнай крыніцай па гісторыі кляштара бенедыктынак у другой палове XVII ст. з'яўляецца кароткая нататка без даты і подпісу "Пачатак і фундуш касцёла і кляштара бенедыктынак у горадзе Мінску". Вялікая ўвага ў рукапісе надаецца дзейнасці настаяцелькі Катажыны Схаластыкі Свірскай, якая пасля 1682 г. не толькі цалкам аднавіла касцёл св. Войцеха, але і пабудавала новы мураваны будынак кляштара. Звестак на працягу XVIII ст. захавалася вельмі мала (у асноўным гэта дакументы фінансавага і гаспадарчага характару). Е. Лапацінскі згадвае нейкага архітэктара Тамаша Раманоўскага ў Мінску, які ў 1780-я гг. "скончыў там касцёл бенедыктынак".

Пачынаючы з 1796 г. і да сярэдзіны ХІХ ст. захаваліся падрабязныя візітацыi і інвентары кляштара. Так, у візітацыi 1796 г. згадваецца, што касцёл св. Войцеха меў дзве вежы, але з іх "…адна няскончаная, на якой павешаны 3 сярэднія званы, на другой, верх якой пакрыты бляхай, - жалезны крыж., у вiзiтацыi 1799г. адзначаецца, што "...Другая вежа, перуном збітая і спаленая, не ўзнятая і ў меру пакрытая часовымі гонтамі...". У 1800 г. менскі губернскі архітэктар Тэадор Крамер сярод асноўных будынкаў, якія ён праектаваў, змясціў у "Атласе Менскай губерні" фіксацыйныя малюнкі фасадаў, сярод іх ёсць і схематычны малюнак галоўнага фасаду касцёла і кляштара бенедыктынак у Менску, а ў вiзiтацыi кляштара ад 1804г. згадваецца, што касцёл св.Войцеха меў "...дзве вежы, нанова пакрытыя бляхай, з жалезнымі крыжамі... , увесь гэты касцёл усярэдзіне добра атынкаваны, пабелены і гонтамі нанова пакрыты, ніякага рамонту не патрабуе". На пачатку ХІХ ст. адбыліся значныя змены і ў планіровачнай структуры кляштара.

Паводле генеральнага плана Менска, які быў канчаткова зацверджаны ў 1800г., праз старыя гарадскія кварталы праклалі новыя вуліцы. Адна з іх, Феліцыянаўская, была прабіта проста праз тэрыторыю кляштара бенедыктынак і адсекла паўднёва-заходнюю частку кляштарнага пляца. Дзякуючы архіўным дакументам, матэрыялам археалагічных раскопак і шэрагу фотаздымкаў канца ХІХ - пачатку ХХ ст., а таксама 1950-х гг., тапаграфічным планам Мінска 1940-1960-х гг., удалося зрабіць схематычную рэканструкцыю плана касцёла св. Войцеха на канец ХVIII - пачатак ХІХ ст. (архітэктар Людміла Іванова). Цікава, што ён амаль цалкам супадае з апісаннем касцёла ў кантракце 1647 г.

Касцёл св. Войцеха, пабудаваны ў стылі барока, уяўляў сабою аднанававы двухвежавы храм, завершаны прэзбітэрыем з 3-граннай алтарнай апсідай. Бакавыя фасады храма былі дэкаратыўна апрацаваныя плоскімі пілястрамі і простымі лініямі гзымсаў. Галоўны фасад фланкавалі 2 трох'ярусныя вежы-званіцы (з 3 званамі) з купальным завяршэннем. Паміж вежамі, прыкрываючы тарэц даху, знаходзіўся крывалінейны шчыт. Галоўным акцэнтам будынка з'яўляліся верхнія ярусы вежаў, якія вылучаліся разам са шчытом развітым прафіляваным гзымсам, што апярэзваў будынак па перыметры. Перакрыты скляпеннямі інтэр'ер храма ўпрыгожвалі 5 драўляных алтароў "шніцэрскай работы".

Вялікі галоўны алтар, што знаходзіўся ў прэзбітэрыі, быў падзелены на 2 ярусы. У верхнім ярусе стаяў абраз св. Войцеха, патрона касцёла, а ў ніжнім - абраз Панны Марыі з Дзіцем, аздоблены срэбнай шатай. Сярод астатніх абразоў сучаснікі вылучалі выявы св. Бенедыкта і св. Схаластыкі. Над галоўным уваходам знаходзіліся вялікія хоры з арганам "на 10 галасоў", упрыгожаныя разьбой і роспісамі. Побач з хорамі, каля бакавой сцяны, мясцілася спецыяльная галерэя, дзе па святах выступалі музыкі. З касцёлам злучаўся мураваны корпус кляштара - 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім дахам, які прымыкаў да паўднёвай вежы касцёла.

У процілегласць манументальнай архітэктуры храма фасады кляштара былі вырашаны вельмі лаканічна. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных праёмаў. На першым паверсе знаходзіліся: трапезная, кухня, пякарня, камора, некалькі келляў і іншыя памяшканні. Калідор упрыгожвалі 4 абразы і сцянны гадзіннік. На другім паверсе былі пакоі манашак. Пад будынкам кляштара знаходзіўся вялікі склеп. Да будынка кляштара прымыкала драўляная афіцына. На паўднёвы ўсход ад галоўных будынкаў знаходзіўся комплекс драўляных гаспадарчых пабудоў: 2 афіцыны, бровар, свіран, вялікі будынак з каморамі, стайня, 3 хлявы і інш. Перад галоўным фасадам кляштара рос сад (паводле інвентара 1804 г. - каля 150 дрэваў), а побач з ім мясціўся агарод, які, паводле візіты 1796 г., даходзіў да гарадскога вала.

Кляштарныя могілкі мелі агароджу з брамай. Уся тэрыторыя кляштара бенедыктынак была абнесеная высокай мураванай сцяной з некалькімі брамамі. Манументальныя вежы касцёла бенедыктынак высока ўздымаліся над навакольнай адна-двухпавярховай забудовай і былі адной з асноўных вертыкаляў, што вызначалі сілуэт горада.

Мінскі кляштар бенедыктынак быў апошнім, які царскія ўлады ліквідавалі ў горадзе. Пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг. ён яшчэ некаторы час функцыянаваў, але цярпеў пераслед. У пачатку 1871 г. з кляштара выслалі манашак, якія знайшлі тут прытулак пасля ліквідаціі іншых каталіцкіх кляштараў. Іх накіравалі ў Кімбараўскі кляштар, (прадмесце Мазыра, "Далiна Анёлаў").

20 верасня 1871 г. быў падпісаны ўказ аб канчатковым скасаванні мінскага кляштара бенедыктынак - царскія ўлады вырашылі аб'яднаць яго з нясвіжскім кляштарам таго ж самага ордэна. Ужо 30 кастрычніка 12 манашак пераехалі ў Нясвіж.

Улады вырашылі перадаць усе будынкі і маёмасць былога кляштара бенедыктынак Мінскай праваслаўнай духоўнай кансісторыі, каб там быў змешчаны праваслаўны жаночы манастыр. Епархіяльны архітэктар Сяргей Іваноў распрацаваў каштарыс і праект на перабудову касцёла пад праваслаўную царкву (планавалася разбурыць 2 вежы і шчыт, разабраць стары гонтавы дах і кроквенную сістэму. Перад галоўным фасадам планавалася пабудаваць новы тамбур, "срубить 5 куполов церкви и один купол колокольни"). Сам касцёл і жылыя будынкі кляштара, іх фасады і інтэр'еры падлягалі грунтоўнай пераробцы.

У сакавіку 1873 г. асноўныя работы па рэканструкцыі былога кляштара бенедыктынак пад праваслаўны манастыр завяршыліся. У пачатку 1920-х гг. савецкія ўлады ліквідавалі і жаночы праваслаўны манастыр. Некаторы час праваслаўная царква ў будынку былога касцёла працягвала дзейнічаць, але і яна ў 1930-я гг. была зачыненая.

Тады ж будынак былога касцёла бенедыктынак пераабсталявалі пад клуб, а астатнія збудаванні кляштара разбурылі. У 1941-1944 гг. нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў былым касцёле, але хутка пасля заканчэння вайны храм зноў зачынілі.

У сярэдзіне 1960-х гг. былы касцёл св. Войцеха цалкам зруйнавалі. Так загінуў адзін з выдатных помнікаў архітэктуры барока ў Мiнску. (Уладзімір Дзянісаў, - "Мінскія бенедыкцінкі: Гісторыя зруйнаванага кляштара").

Зараз на месцы касцёла месцiцца будынак гарадской пракуратуры з чырвонай цэглы.

Старыя фотаздымкі, выявы, пляны

Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).

Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.

Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).

Менск. Выявы былога касцёла кляштару бенедыктынак (касцёл пазначаны чырвоным) на старадаўнiх гравюрах (1868г., 1882г.) i фота (памiж 1865 і 1875гг.) да перабудовы на царкву. Крынiцы - Памятная книжка Виленского генерал-губернаторства за 1868 г. (Оттиски видов храмов, священных предметов, городов Северо-Западного края, народных типов Витебской губернии и предметов древности. Витебск, 1891.), Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном и бытовом значении / под ред. П.П. Семенова. Т. 3. Ч. 1: Литовское Полесье. Ч. 2. Белорусское Полесье. — СПб.; М.: Тов. М. О. Вольф, 1882. С. 360.
		IMAGO.BY, Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: Про Хрысто, 2003 Менск. Выявы былога касцёла Святога Войцэха кляштару бенедыктынак на архiўных фота пасля перабудовы на клуб. Фотакалаж з паваенных (1941г.) i пасляваенных фота (195о-я гг.) Крынiцы - iнтэрнэт аукцыён ebay de, Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: Про Хрысто, 2003. Менск. Выявы былога касцёла Святога Войцэха кляштару бенедыктынак на малюнку i архiўных фота пачатку XXст. пасля перабудовы на царкву Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра. калаж з паштоўкi 1901г. (delcampe net), фота С. М. Пракудзіна-Горскага 1912г. (Российская империя в цвете на veinik by), 1925г. (Куркоў І. Мінск незнаёмы. 1920—1940. — Менск: Ураджай, 2002. С. 118.) Менск. Выявы былога касцёла Святога Войцэха кляштару бенедыктынак на гравюры i архiўных фота пачатку XXст. пасля перабудовы на царкву Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра. Калаж з выяў на фота 1909г., (St. Trepka, Tygodnik Wilenski. Nr. 13, 1911. S. 8. Swiat. Nr. 31, 1909. S. 8.), гравюры каля 1890г. (Слюнькова И. Н. Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи: Пересоздание наследия. М.: Прогресс-Традиция, 2010), фота 1904г. (Менская Спадчына, эл. архіў). Менск. Выявы былога касцёла Святога Войцэха кляштару бенедыктынак на архiўных фота пачатку XXст. пасля перабудовы на царкву Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра. Калаж з выяў на фота 1900-х гг. (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,Uladzimir Parfianok, эл. архіў галерэі NOVA), фота 1909г. (Православные русские обители: Полное иллюстрированное описание всех православных русских монастырей в Российской империи и на Афоне : Кн. 1, 2, 3, 4. — СПб., 1909. С. 607), паштоўкi да 1910г. з delcampe net (Ліхадзедаў У. Мінск. Падарожжа ў часе. — Менск: Выдавецкі дом Звязда, 2015. С. 237.). Менск. Выявы былога касцёла Святога Войцэха кляштару бенедыктынак пасля перабудовы на клуб на пасляваенных фота да руйнавання i ў працэсе руйнавання. Калаж з фота 1950-х гг. з артыкулу у часопiсе Наша Вера №2(24)/2003), (Уладзімір Дзянісаў, - Мінскія бенедыкцінкі: Гісторыя зруйнаванага кляштара) i фотаздымку 1964г. Л. Ліпеня (апублiкавана - К. Шастоўскi, сайт radzima org). Менск. Схематычная выява галоўнага фасада касцёла Святога Войцэха i корпуса кляштару бенедыктынак. Крынiца - Чарцёж з Атласа Менскай губерні губернскага архітэктара Тэадора Крамера, 1800г., Апублiкавана - Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: Про Хрысто, 256 с., 2003г. Менск. Схематычны план касцёла Святога Войцэха кляштару бенедыктынак. Схематычная рэканструкцыя. Архітэктар Людміла Іванова, апкблiкавана - артыкул у часопiсе Наша Вера №2(24)/2003), (Уладзімір Дзянісаў, - Мінскія бенедыкцінкі: Гісторыя зруйнаванага кляштара) Менск. Выява былога касцёла i галоўнага корпуса кляштару бенедыктынак (пазначаны чырвоным) на аэрафотаздымку горада часоў Другой сусветнай вайны (чэрвень 1941г.) ў сумяшчэннi з месцазнаходжаннем плямы забудовы на сучасным аэрафотаздымку Яндэкс. Фотамантаж by A. Nevar, 2020г. Менск. Выява былога касцёла i галоўнага корпуса кляштару бенедыктынак (пазначаны чырвоным) на старадаўнiх мапах горада (праектнай мапе развiцця горада 1793-1800г. з нанесеным сiтуацыйным планам у межах гарадскiх валоў арх. Т. Крамера i праектнай мапе 1809г. (Чантурия Ю. Градостроительное искусство Беларуси. Мн.: Белорусская наука, 2005г.)) у параўнаннi з месцазнаходжаннем на аэрафотаздымках часоў Другой сусветнай вайны (1943г. з фрагментам 1941г.) i сучасным аэрафотаздымку Яндэкс. Фотамантаж by A. Nevar, 2020г.


Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi

3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...