Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com
Княжыцы. Гiпатэтычная графiчная рэканструкцыя касцёла св.Антонiя былога дамiнiканскага каляштара. Выгляд на сярэдзiну XIX ст., да перабудовы пад праваслаўную царкву.
Княжыцы упершыню згадваюцца ў 1501, як уладаньне жонкі вялікага князя Аляксандра Ягелончыка — Алены (дачкі Івана III).
Згодна з даследваньнямi Т.Габрусь, кляштар дамiнiканцаў заснаваны тут у 1681 па фундацыi ўладальнiка мястэчка харунжага ВКЛ Канстанцiна Уладзiслава Паца. Як i ў большасцi выпадкаў першы касцёл быў драўляны.
У XVIII ст. кляштар атрымаў значныя ахвяраваннi ад нашчадкаў першага фундатара — Крыштофа i Антонiя Мiхаiла Пацаў, а таксама шляхцiчаў Андрэя i Зоф'i Крукоўскiх. Пасля 1750 пачалося будаўнiцтва мураванага касцёла, якi быў асвячоны ў 1780 у гонар св. Антонiя Падуанскага (па iншых звестах — св. Мiкалая) магiлёўскiм архiбiскупам С. Богушам-Сестранцэвiчам. Будаўнiцтва кляштарнага комплекса завяршылася ў 1791.
Сярод пэўнай стылёвой аднастайнасцi дамiнiканскiх святынь паўночна-усходняга рэгiёну касцёл у Княжыцах ярка вылучаецца сваёй непаўторнасцю. Архiтэктонiка княжыцкага касцёла настолькi арыгiнальная i самабытная, што яе даволi цяжка ўкласцi ў агульную схему мастацтвазнаўчых атрыбуцый: складана нават вызначыць тыпалогiю яго архiтэктурных форм, канструкцый i рэлiгiйных сiмвалаў.
У адрозненьне ад большасцi каталiцкiх святынь, дзе сакральная сiмволiка крыжа выяўляецца ў верхнiм сячэннi збудаваньня, тут усё адбываецца наадварот. У плане касцёла прысутнiчае неглыбокi трансэпт, размешчаны пасярод кафалiкона, што надае яму выгляд папарна роўнаканцовага крыжа, накшталт тагачасных унiяцкiх цэркваў.
Параўнальна з творамi вiленскага барока пластыка фасада княжыцкага касцёла дамiнiканцаў больш стрыманая, але не саступае iм ва ўзнёсласцi i адухоўленасцi. Зрэшты ў iм нават болей адчуваецца мясцовая мастацкая традыцыя: як фасады магiлёўскiх праваслаўных цэркваў, ён па структуры нагадвае iканастас.
Лёс касцёла, як i большасцi каталiцкiх святынь у сярэдзiне XIX ст. склаўся аналагiчна — па здушэньні вызваленчага Паўстання 1830 царская ўлада зліквідавала кляштар дамініканцаў, касцёл пакiнуўшы парафiальным, а пасьля Паўстання 1863 — гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату.
Да 1872 завяршылася рэканструкцыя колішняга касцёла з надбудовай трэцяй вежы замест франтона на галоўным фасадзе i дабудовай несапраўднага драўлянага купала. Форма купалоў таксама змянiлася большымi па памеру i форме аб'ёмамi цыбулiн.
У 1930-я савецкія ўлады зачынілі царкву. У часы Другой сусветнай вайны царква зноў пачала дзейнічаць. У 1965 годзе яе зачынілі зноўку - i з тых часоў застаўшыйся без функцыянальнаша прызначэння (адпаведна i без нагляду) будынак паступова руйнуецца, стан якога ўжо наблiжаны да аварыйнага.
Недэмантаваныя дагэтуль будаўнiчыя лясы ўсярэдзiне храма сведчаць аб нерэалiзаваных i адкладзеных бы да лепшых часоў намерах змянiць нешта ў лепшы бок, але пакуль руйнаваньне падоўжваецца.
Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).
Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.
Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).
3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...