Arch-спадчына

Графічнае адраджэньне страчанай архітэктурнай спадчыны

Пры інфармацыйнай падтрымцы history-belarus.com

Край:   Берасьцейскі   Віцебскі   Гарадзенскі   Гомельскі   Магілёўскі   Менскі   Па-за межамі РБ

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Ашмяны, Гарадзенскі край

Гісторыя і рэканструкцыя

Ашмяны. Графiчная рэканструкцыя былога францысканскага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Выгляд на перыяд першай паловы XIX ст.

Першыя згадкі аб Ашмянах адносяцца да 1341. Расказваючы пра сьмерць Гедыміна і падзел пасадаў паміж яго сынамі, сярод гарадоў, што разам з Вільняй дасталіся Яўнуту, "Хроніка літоўская і жамойцкая" называе Ашмяны. Па некаторых даследваньнях Ашмяны ўжо існавалі ў 1040 годзе — пад час паходу Яраслава Мудрага на Літву.

У 1398 упершыню згаданы касцёл у Ашмянах, закладзены пад час Хрышчэнья Літвы. Каля 1497 у Ашмянах з'явіўся кляштар францысканцаў — Юры Яновіч запісвае фундуш "да Блаславёнай Панны ў Старой Ашмяне да канвента братоў ордэну святога Францыска".

З пачатку XIV ст. Ашмяны, "будучы месцапрабываньнем княжацкім", пачалi разбудоўвацца на новым месцы (левабярэжжа Ашмянкі), а першапачатковае паселішча з назвай Старыя Ашмяны (правабярэжжа) была перадана манахам-францысканцам, дзякуючы якiм, гэты раён набыў назву "Францiшканы".

Першапачаткова касцёл i кляштарныя пабудовы былi драўлянымi. Драўляныя будынкі кляштару былi спалены маскавiтамi летам 1659 падчас Крывавага патопа 1654-1667. У час падзей Паўночнай вайны 1700-1720 са шведамi у Ашмяны былi заняты шведскім войскам, а кляштар зноўку быў зруйнаваны.

У 1805 годзе касцёл быў адбудаваны манахамі-францысканцамi і ўяўляў сабой ўжо каменна-драўлянае збудаванне. Згодна з даследваньнямi А. Кушнярэвіча i А. Брыля, ніжняя частка ўсходняй паловы асноўнага аб'ёму была ўзведзена задоўга да пачатку XIX ст. з вялікапамернай цэглы некалькіх фарматаў у гатычнай тэхніцы муроўкі з трохграннай падрэзкай швоў, што маюць таўшчыню 2-3см. Таксама генетычную сувязь з готыкай дэманструюць сляды контрфорсаў, трохгранная алтарная сцяна і вузкае выцягнутае ў вышыню вакно паўцыркульнай формы цэнтральнай грані апсіды.

Ужытая пры ўзвядзенні касцёла цэгла і характар выканання гатычнай тэхнікі муроўкі дазваляюць ніжнюю частку ўсходняй паловы храма датаваць канцом XV ст.

За часам расейска-французскай вайны 1812-1814 Ашмяны былi часткова спалены французскімі войскамі, касцёл быў часткова разбураны, у 1822 адбудаваны у стылі класіцызму. Да паўночнага бакавога фасада быў, верагодней за усё, прыбудаваны манастырскі корпус (таму тут і не было вокнаў). Перакрывалі святыню цыліндрычныя скляпенні, над уваходам знаходзіліся хоры на 2-х апорах. Касцёл быў бязвежавы, і толькі ў алтарнай частцы ўзвышалася невялікая вежачка (сигнатурка). Злева перад касцёлам была ўзведзена каменная званіца.

Па здушэньні Паўстаньня 1830 кляштар быў зліквідаваны (1845). Неўзабаве кляштарныя будынкі знішчылі, а касьцёл перарабілі пад склад. У 1920-я ўлады міжваеннай Другой Рэчы Паспалiтай вярнулі касьцёл каталікам, якія аднавілі помнік. Па Другой сусветнай вайне савецкія ўлады адабралі будынак у парафіянаў.

У наш час былы касцёл знаходзіцца ў занядбаным стане, захаваліся толькі парэшткi храма, кляштарныя пабудовы ж былi цалкам разбураны. Нягледзячы на багатую гісторыю і адметную архітэктуру, касцёл францысканцаў у Ашмянах сёння нават не з'яўляецца помнікам архітэктуры. На вяршынi халма, дзе месцiцца былая святыня, ўсталяваны драўляныя крыжы — гэтае месца называюць "кальварыей", цi "Ашмянскай Галгофай".

Старыя фотаздымкі, выявы, пляны

Графiчныя рэканструкцыi зроблены на падставе захаваўшыхся архiўных дакументаў (абмерныя чарцяжы, планы, схемы, праекцыi ў супастаўленнi з захаваўшымiся старымi фотаздымкамi i iншымi выявамi (малюнкамi Томаша Макоўскага, Юзафа Пешкi, Напалеона Орды i iнш.).

Характэрныя прыклады нашаей архітэктуры можна знайсьці у старых выданьнях — А. Г. Киркор. "Живописная Россия" Том 3, часть 1 и 2, 1882; "Россия. Полное географическое описание" Т. 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия", 1905; "Беларусы ў фотаздымках" І. Сербаў, 1911.

Дадатковая iнфармацыя — паводле апiсанняў даследчыкаў (гл. падзел Аб праекце).

Ашмяны. Выява галоўнага фасада былога францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Фота да 1938г. Крынiца - ilustrowany tygodnik dla wszystkich. Nr. 24, R. 5 (1938) Электронны рэсурс - https://wikipedia.org Ашмяны. Выява бакавога фасада былога францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Фота да 1896г. Крынiца - Jankowski Cz. Powiat oszmianski: materjaly do dziejow ziemi i ludzi. Cz. 1. Petersburg — Krakow, 1896. S. 49. Электронны рэсурс - https://wikipedia.org Ашмяны. Выява фасадаў былога францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі з боку апсiды. Малюнак да 1918г. Аўтар - Zeitung der 10 Armee. Крынiца - Уладзімер Прыгач, Навіны Ашмянаў Электронны рэсурс - https://wikipedia.org Ашмяны. Схема плана былога францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Крынiца - В. С. Мiцкевiч Каталiцкiя кляштары XIV-XVIII стст. у межах сучаснай Беларусi 2013 Ашмяны. Выява iнтэр'ераў былога францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі з боку апсiды. Фота да 1939г. Крынiца - Narodowe Archiwum Cyfrowe. Sygn. Sygnatura: 1-U-4626-2 Электронны рэсурс - https://wikipedia.org Ашмяны. Францысканскі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Арыгiнальныя фота - https://postalovsky-a.livejournal.com/175221.html Ашмяны. Францысканскі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Арыгiнальныя фота - https://postalovsky-a.livejournal.com/175221.html Ашмяны. Францысканскі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Арыгiнальныя фота - https://postalovsky-a.livejournal.com/175221.html


Страчаная спадчына. Хрысцiянскiя святынi

3D-мадэляваньне i фотамантаж стварае пiнчук, архiтэктар па адукацыi.
Даведацца аб праэкце больш і падрабязьней ...