«Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння! Гэта i за тысячу гадоў будзе сведчыць аб нас!» М. Багдановіч да В. Ластоўскага
Беларускі музэй у Вільне 1921-44 — адна з галоўных навуковых і асьветніцкіх установаў у гісторыі Беларусі, якая даўно зрабілася легендай. Ёсьць у Вільні на вуліцы Вастрабрамская-9 (зараз вул. Аўшрос Варту). Сёньня ягоныя фонды схоўваюцца ў розных дзяржаўных зборах Вільні й Менску.
У ягоную аснову былі паложаныя калекцыі Яна Луцкевіча й Вацлава Ластоўскага. «Купляю ўсякiе старасьвецкiе рэчы: абразы, гравюры, мiнiатюры, рукапiсы i кнiжкi XV i XVI в.; порцэляну, шкло, тканiны. В. Ластоўскi. Завальная вулiца № 7. Беларуская кнiгарня».
Ідэя стварэньня нацыянальнага музэю выкрышталізавалася ў Вільне ў 1912 годзе. У артыкуле з праґрамным назовам «Збiрайце рэчы ў беларускi музэй» Луцкевіч пісаў: «Мы дайшлi да таго, што нам патрэбна навуковае таварыство, пры каторым павiнна быць бiблiотэка i музэй. У музэi патрэбны рэчы з этнографii, гiсторыi i штукарства (iскуства)… Дзе хто знойдзе якiе паперы пiсаные, цi друкаваные па беларуску, дасылаць у рэдакцiю ["Наша нiва"]. Усё прысланае не загiне, а будзе паложэна у беларускi музэй».
У пяці экспазіцыйных залях былі выстаўлены калекцыі: археалягічная, сфрагістычная, нумізматычная, мэдалёў і крыжоў, старажытнага адзеньня, у тым ліку й слуцкіх паясоў, старажытнае зброі, рукапісных кнігаў і старадрукаў, царкоўных абразоў, карцінаў даўнейшых і сучасных мастакоў, народных музычных інструмэнтаў, твораў народных разьбяроў і многае іншае. Паводле інвэнтару 1941 г. музэй налічваў 13 450 адзінак захаваньня. Архіў музэю зьберагаў дакумэнты ад 16-га стагодзьдзя да сярэдзіны 20-га (агулам — звыш 9000 адзінак захаваньня). Бібліятэка налічвала звыш 14000 тамоў.
Да 1939 году Беларускім музэям панаваў брат Івана Луцкевіча — Антон Луцкевіч, Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшае Рады БНР (1918-20).
Падчас акупацыі мясцовыя беларусы захоўвалі музэй. У 1944 немцы занялі будынак музэю пад шпіталь і каштоўны збор перанесьлі ў будынак мінулага кляштару бэрнардынцаў. Частку хаваў у лёсах касьцёлу Сьвятога Міхаіла ксэндз Адам Станкевіч.
4 кастрычніка 1943 году Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову № 76 «Аб аднаўленьні працы гістарычнага музэю БССР». Аднак яна не была выкананая: у Менску ў 1944 годзе адкрыўся новы музэй — Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікае Айчынае вайны.
У 1944 годзе ўраднай камісіяй фонды музэю былі падзеленыя паміж ЛітССР і БССР. Улетку 1945 году зь Вільні ў Менск прыбыла першая значная партыя беларускіх каштоўнасьцяў. Большасьць экспанатаў «да лепшага часу» складавалі ў музэі гісторыі Вялікае Айчынае вайны.
Уся астатняя беларуская гісторыя ад веку фактычна тлумачыцца як даважка да гераічнае гісторыі Вялікае Айчынае вайны 1941–1945 гг.
http://www.sb.by/vilnius-vilnya/article/ekskursiya-iz-proshlogo-v-budushchee.html http://westki.info/artykuly/17863/istoriya-belorusskogo-muzeya-v-vilno http://vilnia.com/museum/default.asp?newsId=18 http://news.21.by/society/2010/02/01/453330.html be-x-old.wikipedia.org be.wikipedia.org pl.wikipedia.org uk.wikipedia.org ru.wikipedia.org
Ликбез: гісторыя Беларусі. Кратко. Інтэрактыўна. Як мае быць. Must have.
Since 2014